Старонка:Svejk.6.pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тады рускія прыдумалі ўдалы ход: яны зьнялі з гэтай работы сваіх салдат і паслалі туды палонных аўстрыякаў, паведаміўшы нямецкае камандаваньне, што ў выпадку абстрэлу пацерпяць іхнія-ж саюзьнікі і падданыя. На другі дзень немцы пастараліся ўзяць верх над сваімі праціўнікамі тым, што скінулі з самалёту лістоўкі, у якіх гаварылася, што кулямёты будуць цэліцца толькі ў расійскіх інжынэраў, кіраўнікоў работы, а з прычыны гэтага палонным ня раіцца трымацца блізка ля іх, а зараз-жа адыходзіць, як толькі зьявіцца нямецкі «таубэ»; у праціўным выпадку, нямецкае камандаваньне здымае з сябе ўсялякую адказнасьць перад імі за ўсю шкоду і страты, што могуць быць ад выпадковага пападаньня.

Гэтую пагрозу палонныя прынялі гэтак блізка да сэрца, што, толькі пачуўшы дзе-небудзь у небе гул мотору, хоць-бы нават і расійскага самалёту, адразу-ж разьбягалася ва ўсе бакі і, седзячы ў лесе, церабіліся ад вошай, або рэзаліся ў карты, пакуль канвой не зганяў іх зноў да грэблі.

Гэтая валаводзіна давала, відаць, вялікую асалоду нямецкім лётнікам. Кожны нямецкі самалёт, варочаючыся з выведкі над расійскімі позыцыямі, меў як-бы за абавязак няйначай завярнуць сюды. Ён кружыўся над месцам работ, спускаўся зусім нізка, як-бы зьдзекуючыся з палявых гармат, што абстрэльвалі яго шрапнеляю, і скідаў, нарэшце, заместа візытнае карткі бомбу. Пасьля ён чакаў, каб людзі разьбегліся, і толькі на тых, што аставаліся, наводзіў свой кулямёт: та-та-та-та…

І як толькі салдаты зганялі палонных да забітых у балотную глебу паляў, зноў чуваць было адмысловы шып скіненае бомбы, і той, хто першы яго чуў, камандаваў:

— Ну, браткі, ногі ў рукі! Наш саюзьнік зноў прыляцеў!

Пачэпава, дзе разьмясьцілася 208-я рабочая дружына, была бедная, брудная вёсачка, у ёй толькі дзе-ні-дзе захаваліся хаты: усе іншыя былі спалены нямецкімі знарадамі. У хлявох было ўжо холадна; дык палонныя налазілі ў хаты, як селядцы ў бочку, і спалі адзін на адным.

Палкоўнік Галаваценка пачаў наводзіць ашчаднасьць, бо меркаваў, што вайна скончыцца зімою, і ён пасьпее забагацець як мае быць. Ён зьменшыў хлебны паёк, выдаваў менш цукру і за-