Старонка:Svejk.6.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Затое дачыненьні паміж вясковымі жанкамі і палоннымі зрабіліся за той месяц, калі аўстрыякі працавалі ў гэтых мясцох, гэтакія сардэчныя, што, абы толькі хто-небудзь з палонных увайходзіў у хату, дзе гаспадыня, або дачка была адна дома, раней за ўсё задавалася пытаньне:

— А што ты прынёс? Мыла ці тараноў? Пакажы адно, дзе ў цябе мыла, дзе ў цябе тараны?

Дарога была нарэшце папраўлена, сярод балот красаваліся новыя драўляныя масты, жыта прыбрана, і аднае раніцы інжынэр сам прышоў у хлеў і заявіў.

— Грошы за работу я выплаціў вашаму начальніку. Дзякую вам, вы добра працавалі. Вось вам ад мяне асобна на тутунь.

І, паціснуўшы кожнаму руку, ён раздаў усім па папяровым рублі.

У гэты дзень палонныя асталіся ў хляве. Інжынэр і будаўнічая кантора паехалі на фурманках, на якія нагрузілі ўсю маемасьць, а палкоўнік, перадаўшы загадваньне дружынаю зноў Аўгіньні Васільлеўне, накіраваўся ў Віцебск даведацца, што яму рабіць з сваімі людзьмі.

12

СЕМ КАР ЭГІПЭЦКІХ

У Пачэпаве, куды палонныя зьявіліся ў пачатку верасьня, іх чакала вялічэзная праца: ім давялося пракладваць праз балота грэблю на шэсьць кілёмэтраў даўжынёю.

Гэтаю справаю быў заняты ўжо вялікі лік людзей, але работа дрэнна ішла наперад. Грэбля была ў раёне абстрэлу нямецкіх батарэй, і гэтак-жа сумленна, як рускія працавалі над ёю ўдзень, немцы разносілі яе па бервяне ўночы, каб расійцы не сумавалі.

Тут, відаць, стыкнуліся супрацьлежныя інтарэсы. Рускім, відаць, было важна зрабіць гэтую грэблю, а немцам відаць, было ня менш важна не дапусьціць гэтага. Значыцца, калі расійцы пачалі гнаць туды ўсё больш і больш людзей, каб дайсьці шпарчэй да вынікаў, немцы пачалі слаць туды і ўдзень знарады і самалёты, што абстрэльвалі работнікаў з кулямётаў.