Старонка:Svejk.6.pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А заўтра мы возьмем унь той кавалак пад горкаю. Добра? Многа? Нічога! Лепш пастарацца, а пасьля як мае быць адпачыць!

Палонныя згадзіліся. Ён быў вельмі задаволены. Гэтае работы хапіла-б на чатыры дні, а цяпер ён быў упэўнены, што на яе пойдзе нават менш як адзін дзень.

Тракт быў вельмі людны. Раз-по-разу праяжджалі аўтомобілі з вышэйшымі вайсковымі чынамі; афіцэры часта загадвалі спыніць машыну каля палонных і распытвалі іх пра іх жыцьцё. Уважліва слухаючы, яны пакручвалі вусы і казалі:

— Дрэнна жывецца? А нашым салдатам у вас яшчэ горш. Нашых людзей вы запрагаеце ў плугі і арацё на іх. Так, так, добрых спраў нарабіла вайна, але нічога не папішаш! Вайна ёсьць вайна, і даводзіцца цярпець.

І яны рабілі знак шофэру ехаць далей.

Ка6 запыталі яны ўдалага ваяку Швэйка, што ён думае наконт іхніх запытаньняў, ён ім адказаў-бы:

— Вы ўсе — якраз як тыя судзьдзі, што прыгаварылі цыгана Ружычку на шыбеніцу за тое, што ён засек аднаго яўрэя сякераю. Асуджанага пасадзілі ў адзіночку і прыставілі да яго наглядача, каб той гуляў з ім у карты і наогул усяляк забаўляў яго, каб таму ня было нудна. Кожны дзень да яго прысылалі доктара, які яго пытаўся: «У вас галава не баліць?» або «Як вы сябе адчуваеце? Здаровы?» і тры разы ў дзень мераў яму тэмпэратуру і лічыў пульс. Яму паставілі плёмбы на зубох, зрэзалі мазалі на нагах, рабілі яму манікюр, купілі яму вежэталю на валасы і крэм ад рабаценьня, а нарэшце сказалі яму: «Сёньня можаце заказаць сабе на абед усё, чаго ваша душа хоча. Пашкодзіць вам нічога ня можа, бо кат ужо тут, і заўтра зранку ён вас павесіць». З гэтакімі ўцехамі ён і пашоў на шыбеніцу.

Але Швэйка ня пыталі пра яго думкі, дык ён іх і ня выказваў.

Жыцьцё аднастайна цякло з дня ў дзень, хіба што весялела абменам на тараны, або асьвяжалася гвалтам, які няйначай адбываўся, калі якая-небудзь жанчына прымала рыбу адразу ад двух «кавалераў», ці ўзрушвалася весткаю, што «дактары» зноў каго-небудзь накіроўвалі з венэрычнаю хваробаю ў лазарэт.