Старонка:Svejk.6.pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Бач, у іх яшчэ цэлы кавалак, а я сваё ўжо змыліў, — казалі тыя, у каго ўжо ня было мыла.

— Або, праўдзівей сказаць, спусьціў, — папраўляў іх Швэйк.

З тэй прычыны, што дружына не працавала, палкоўнік, каб людзі не патаўсьцелі, пашырыў постныя дні, калі на абед даваліся толькі сьмярдзючыя тараны, з серады і пятніцы, на ўвесь тыдзень і пачаў карміць палонных аднымі гэтымі таранамі. Гэта выносіла таньней, і, апроч таго, ён лічыў гэтакую яду вельмі карыснай.

Але з палонных ніхто не хацеў яе есьці. Спачатку яны гэтымі таранамі кідалі адзін у аднаго, а пасьля пачалі разьвешваць іх на хвоях. А аднойчы Смачок паціху пазьбіраў усю рыбу і кудысьці прапаў з ёю.

— Куды ён яе панёс? — запытаў Гаршына, бачачы, як пільна той аглядваўся па бакох.

— Прадаваць мужыком, мусіць, — адазваўся Пісклявы.

Сам Смачок на ўсе запытаньні ўпарта маўчаў, і некалькі дзён нікому і не ўдалося дазнацца, што ён робіць з таранамі. Але калі нейк зноў зайшла гаворка пра гэта, Швэйк, паміж іншага, заўважыў:

— Маладзец, Смачок! Цягне рыбу на той бераг рэчкі. Там у яго завялася нейкая кабецінка, якая дае яму за гэта «духоўную ўцеху».

На другі дзень упяршыню за ўвесь час ня лаялі сушаную рыбу. Смачок дарэмна шукаў таго месца, дзе дагэтуль кідалі рыбу, і дарэмна глядзеў людзям у рукі, ці не дадуць яму яе. Кожны загарнуў сваю рыбіну ў анучу з боту і схаваў у мяшок, узрадаваўшыся пра сябе:

— У нядзелю я наладжу сабе за яе «духоўную ўцеху».

Тараны зрабіліся новым сродкам выплаты. За адну рыбку людзі мылі адзін аднаму кашулі, за дзьве — аддавалі сваю порцыю тутуню, чаю, ці цукру. І мяшкі ператварыліся ў сэйфы, дзе захоўваліся гэтыя капіталы.

Праз два тыдні палонныя ўбачылі палкоўніка і інжынэра, якія сьпярша заўзята пра штосьці спрачаліся, а пасьля падаліся ў мірную, відаць, гутарку. А ў панядзелак, як тараны былі адда-