Старонка:Svejk.6.pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

11

А КАЛІ НАДЫШЛА ВОСЕНЬ

Старшы інжынэр ваенна-інжынэрнага кіраўніцтва, якое рамантавала дарогі за лініяй фронту, быў чалавек сумленны. Раз ён дакляраваў выдаць палонным іх заработак на рукі, ён не хацеў, каб казалі, што ён ня стрымаў слова. Дык ён згаварыўся з сваім братам, артылерыйскім капітанам, што стаяў у той момант у Менску, каб той у суботу (у гэты дзень палкоўнік Галаваценка быў запрошаны з Аўгіньняй Васільлеўнай на банкецік у штаб суседняга палка) прыехаў да яго ў аўтомобілі, і, чакаючы яго прыезду, загадаў падрыхтаваць грошы і выплатныя ведамасьці і занесьці іх, разам з невялікім столікам, у лес, каля якога працавалі палонныя.

У гэты дзень палонныя зноў зрабілі дзіўную працу. Дарога была ўжо выслана жэрдкамі і маладымі дрэўцамі, на якія насыпалі пясок. Але з тэй прычыны, што з-пад іх і з-пад калёс пырскамі разьляталася балотная вада, інжынэр загадаў выслаць усю дарогу хваёвымі лапкамі, і от паўтары сотні чалавек рэзала ў лесе гэтыя галінкі, а пяцьдзесят чалавек шчыльна раскладвалі іх па дарозе.

Старшы інжынэр рабіў выгляд, нібы ўся справа ў тым, каб ельнік быў раскладзены ў роўнай адлегласьці галінка ад галінкі. Ён усё нагінаўся і штосьці папраўляў на дарозе, у той-жа час няспынна аглядаючыся на край лесу. Нарэшце там завыў аўтомобільны гудок, і неўзабаве пад’ехала машына. Інжынэр паволі пашоў на спатканьне двум афіцэрам, што вышлі з машыны і царамонліва з імі прывітаўся. Пасьля ён сабраў палонных і паведаміў, што прыехала вышэйшае начальства на рэвізію і што палонныя могуць заявіць яму ўсе свае скаргі і пажаданьні. Артылерыйскі капітан сказаў:

— Ваеннапалонным жывецца ў Расіі кепска, і расійскаму ўраду гэта вядома. Каб зьмяніць гэта ў лепшы бок, было створана адмысловае кіраўніцтва па справах ваеннапалонных. Гэтая ўстанова прымае ў сховань усё, што зарабляюць ваеннапалонныя і што ім пасылаецца з дому; яно кіруе іхняю маемасьцю бескарысна і выплаціць ім усё, што ім належыць, пасьля вайны, да канца якое, цяпер ужо, будзем спадзявацца, недалёка. А з тэй