Старонка:Svejk.6.pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ладу! Хіба вы ня ведаеце, што гэты стары абармот нас абкрадвае? Салдаты вы, ліха на вас, ці не? Кожная шлюха сьмялей за вас!

Гэта памагло. Уся дружына выступіла наперад.

Да палкоўніка кінулася перапалоханая Аўгіньня Васільлеўна.

— Дарагі мой, любы, — зашаптала яна, — не расстрэльвай іх. Каго-ж ты тады будзеш слаць на работу! Сам-жа ты не зарабляеш гэтулькі грошай, колькі нам трэба! Дакляруй ім хлеба, мяса, нават тутуню ты ім можаш паабяцаць. Яны добрыя, яны пойдуць на работу. А ты памятаеш, што абяцаў мне сто рублёў у дзень?

Здавалася, што яна вось-вось упадзе перад ім на калені. З вачэй яе цяклі сьлёзы і Смочак крыкнуў:

— Ды вы адно паглядзеце на яго, на гэтага гада! Ён нават наш заработак хоча скруціць! Але мы да таго часу ня пойдзем на работу, пакуль інжынэры не гарантуюць нам, што грошы будуць выдавацца нам на рукі.

Палкоўнік, узнэрваваны, пабег у хлеў, а за ім сьледам — яго дама, уся ў сьлёзах. Нарэшце ён вярнуўся з салодкаю ўсьмешкаю на твары і сказаў:

— Нашто гэта ўсё, галубочкі? Нібы вы не франтавікі і самі ня ведаеце, што часамі нават, пры ўсім жаданьні, нельга мець усяго што трэба… Падумаеш, якое гора: ўчора ня было хлеба і сёньня яго ня будзе! Затое заўтра хлеба прывязуць, колькі захочаце, слова гонару! Так што сёньня вы адпачывайце, напецеся чаю, памыйце сабе кашулі…

Ён узяў Аўгіньню Васільлеўну пад-руку і пашоў, як-бы нічога і ня здарылася. Як толькі ён пашоў, была выбрана новая дэлегацыя, каб паведаміць інжынэраў, што заработная плата павінна выплачвацца палонным непасрэдна ім на рукі і што яны будуць працаваць толькі пры ўмове, што гэта будзе ім гарантавана.

Гэта ім сапраўды абяцалі і нават пацьвердзілі словам гонару, бо па ўсёй Расіі кожны гатоў быў дакляроўваць і гарантаваць другому ўсё, што толькі хочаш, хоць-бы нумараванае месца з правае рукі бога на небе.