Старонка:Svejk.6.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чалавек дваццаць і нацягнулі дроў, сукоў і нават цэлых невялікіх дрэў. Усё гэта склалі за хлявом, і агонь запалаў. Палонныя разьмясьціліся навокал яго і пачалі гаварыць пра свае справы і лаяць Расію. Раптам у гутарку ўмяшаўся голас, якога раней ніхто ня чуў:

— Але, браткі, мне давялося пабыць ва ўсім сьвеце, але гэтакіх парадкаў, як тут, я нідзе ня бачыў. Гэтая Расія — сапраўдны вар’яцкі дом. Праклятая банда! Чаго толькі не давялося мне выцерпець у акопах!

— Правільна, таварыш, — падхапіў Швэйк. — Але толькі скажы мне, будзь ласкаў, адкуль ты да нас папаў? Я цябе яшчэ ні разу ня бачыў у нашай дружыне.

— Ды ты і ня мог мяне бачыць, бо я працаваў у тэй, што капала акопы. Ну, але як вы мне спадабаліся, дык я і пашоў з вамі.

Заўважыўшы, што ўсе з цікавасьцю глядзяць на яго, навічок засьпяшаўся растлумачыць:

— Гэта-ж так проста! Што адзін сабака, што другі, і што палонны, што другі! Дадому мне ня было па што хадзіць, бо мы заўсёды бралі ўсё з сабою, усёадно няйначай хто-небудзь украў-бы апошняе. Ах, як мы там галадалі, браткі! Бывала, нам цэлы тыдзень не выдавалі хлеба, а цукру і званьня ня было, — забылі нават, як ён выглядае! Вось я і падумаў: а ці не паспрабаваць у гэтай дружыне, можа, тут будзе лепш? А калі не спадабаецца, я яшчэ куды-небудзь пайду. Я ўжо з самай зімы так гуляю, але добрага нічога не знайшоў.

— А ну, ўстань, браце, — сказаў яму Гаршына, — каб мы бачылі, які ты ёсьць. Паводле гаворкі твае, ты як-бы хлопец спрытны.

Незнаёмец падняўся з месца і стаў гэтак, каб яго асьвятліла полымя ад вогнішча. Гэта быў абарванец, які з выгляду нязвычайна абкапцанеў, але ня ў трантах, бо гарнітур яго складаўся з тысячы лат. Маленькія, вялікія, усялякіх колераў і ўсялякага матэрыялу, яны ляпіліся адна на адну, як бранявыя пліты на лінейныя караблі. Больш-жа — дык ні ў яго твары, ні ў постаці ня было нічога адмысловага, чым-бы ён адрозьніваўся ад іншых.