Старонка:Svejk.5.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вынікі былі ў вольнапісанага яшчэ ў той самы дзень. На кожнай астаноўцы ён вылазіў з цяплушкі і аблягчаўся ў высокай стэпавай траве. Але потым прыступы зрабіліся больш частыя, і яму трэба было прыладжвацца ў адчыненых дзьвярох, прычым верны таварыш яго, Швэйк, трымаў яго за рукі, каб ён не зваліўся.

На другі дзень іхны цягнік спыніўся на таварнай станцыі вялікага гораду; паравоз з тэндэрам пайшоў наперад, каб набраць вады, Марэк зараз-жа накіраваўся ў прыбіральню на станцыі, вярнуўся і зноў пабег туды.

Тым часам прычапілі паравоз; раптам пачуўся званок, вартавыя крыкнулі: — сядай, сядай! — і цягнік крануўся.

— Марэк, хутчэй! Ах ты, божа! Марэк, мы паехалі! — затрывожыўся Швэйк.

З-за пабеленых дошак, якімі была адгароджана прыбіральня, выскачыў Марэк і, трымаючы рукамі порткі, пабег за цягніком. Ён дагнаў сваю цяплушку і ўчапіўся за дзьверы, а Швэйк і настаўнік схапілі яго за рукі, каб ён ня трапіў пад цягнік. Марэк падскочыў і ступіў на драцяную пятлю, якая была замест падножкі, але ў гэты момант порткі і споднікі выкаўзнулі ў яго з рук і забоўталіся пад нагамі.

Цягнік якраз падыходзіў да пасажырскай станцыі, і публіка, якая стоўпілася на пэроне, магла назіраць надзвычайнае відовішча: у дзьвярох цяплушкі вісеў, як павук, напоўголы чалавек, нібы вітаючы прысутных сваёй асьветленай сонейкам тыльнай часткаю, а з цяплушкі чуўся добрадушны голас:

— Трымайся мацней, Марэк; ён хутка спыніцца, і тады мы цябе ўцягнем… А ну, хлопцы, памажэце!..

Некалькі палонных кінуліся на дапамогу, і разам узьнялі шыбельніка ў цяплушку. Па пэроне разьлёгся выбух рогату і разам з тым абурэньня, і Швэйк, паказваючы на даму, якая абурана махала парасонам, сказаў Марэку:

— Яна незадаволена табою. Яна, відаць, думала, што аўстрыйцы ў задзе… пульхнейшыя. А ты не адпавядаеш уяўленьню, якое яна сабе склала аб харастве чалавечага цела.

Праз паўгадзіны палонныя даведаліся, што едуць па іншым шляху. На заўтра яны прыехалі ў Варонеж, дзе іх пеправялі ў лягер.