Старонка:Svejk.5.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Здарэньне з Марэкам і выпадак на вакзале ня меў іншых вынікаў, апрача зьяўленьня ў «Русском слове», у якім вялося сталае цкаваныне палонных, агнёвага артыкулу пісьменьніка Брэшко-Брэшкоўскага пад назваю «Россия на краю гибели».

У ім пісалася пра дзікую нянавісьць палонных, якіх адзін адважыўся на люднай паўднёва-расійскай станцыі паказаць з цяплушкі свой голы азадак у публіцы, сярод якой знаходзіліся генэралы, вышэйшыя цывільныя чыны і профэсары; у артыкуле раілася ўжываць бязьлітасную строгасьць да гэтай нечысьці, якая наляцела як саранча, каб аб’есьці Расію, і буйным шрыфтам паўтаралася байка, нібы ў Гэрманіі і Аўстрыі запрагаюць палонных у плугі, прыпякаюць ім пяткі распаленым жалезам і выразаюць пасы са сьпіны, прысыпаючы сьвежыя раны сольлю. Канчаўся артыкул заклікам да расійскіх ваяк адпомсьціць за сваіх закатаваных братоў.

Калі Марэк прасьлібізаваў гэты артыкул у Варонежы і пераклаў з яго тое, што зразумеў, Швэйку, той глыбокадумна зазначыў:

— Дык, значыцца, і тут у газэтах пішуць такія-ж гіцлі, як і ў нас? Ну, ды такая дрэнь нас не запалохае!