Старонка:Svejk.5.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ваць у іх боты, шапкі, порткі і курткі, аддаючы ў прыдачу да больш дрэнных і брудных рэчаў свае хлебныя пайкі.

Тлумачэньню Марэка, што калі-б нават было замірэньне, усё-ж немагчыма, каб іх зараз-жа накіравалі на радзіму, бо перад замірэньнем павінна было быць перамір’е, пра якое яны даведаліся-б хоць што-небудзь ад расійскіх салдат, — ніхто не даваў веры. Нават настаўніка захапіў агульны ўздым, калі ўсе стараліся ўпрыгожыцца; ён мяняў, як мог, апраўдваючыся:

— Салдаты, сяляне, парабкі, рабочыя, рамізьнікі — усе вернуцца ў такім выглядзе, што ніхто не заўважыць, што яны былі ў палоне. Што-ж сказалі-б у нас у палку пра мяне?

Такім чынам адзін толькі Марэк прадбачыў, што на якой-небудзь вузлавой станцыі іхны цягнік проста перавядуць на іншыя рэйкі, і Швэйк ды некалькі басьнякоў, якія лаяліся на ўсе застаўкі, заклікаючы ўсе няшчасьці на Расію, на сонца, на месяц і на ўсіх жыхароў, — толькі яны адны не прыбіраліся.

Швэйк зьнік на станцыі і доўга не зьяўляўся. Калі ён вярнуўся, ён сумна праказаў:

— Я хацеў тэлеграфаваць са станцыі цару, каб ён загадаў вярнуць мне мае тры мэдалі, але мяне прагналі з паштовай канторы. Дык я на гэтыя грошы купіў квашаніны. — Праз хвіліну дадаў ён, даючы Марэку кавалак густое, падобнай да клею з дрэнным пахам квашаніны, з якой тырчэлі сьвіная шчэць і жавалкі каровінае поўсьці.

— Я ніводнага хэльлера не давязу да Прагі! — рашуча сказаў Швэйк, мацаючы сваю туга набітую капейкамі кішэню. — Чаго мы не праямо ў Расіі, дык тое мы прап’ем у Галіцыі! Езус-Марыя, што за дзівакі гэтыя расійцы! Вядуць вайну і не дазваляюць сабе пры гэтым нават разу глынуць гарэлкі!

Такімі словамі Швэйк выказаў сваю тугу па алькоголі і свае антыцьвярозьніцкія пераконаньні ў Расіі, якая любіла выпіць, але якая пасьля мобілізацыі забараніла ў сябе, з прычын досыць зразумелых, выраб і продаж гарэлкі і піва.

Едучы далей, яны не пераставалі правяраць дарогу. Ня было ніякага сумненьня: яны ехалі назад у Кіеў.

На кожнай станцыі Швэйк выскакваў з цяплушкі і купляў усё, што толькі было на яткох. Ён прыносіў булкі, садавіну, кілбасы, гуркі, квашаніну, таматы, шпік і цыбулю, і ён і Марэк елі ўдостач, не саромячыся зайздросных поглядаў іншых.