Старонка:Svejk.5.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Надвечар вартавыя загналі ваенных у цяплушкі і замкнулі іх там. Уначы падалі паравік, а калі палонныя раніцой прачнуліся, цягнік ужо грымеў па рэйках.

Зноў пачаліся спрэчкі пра мэту іхнага вандраваньня. Некаторыя сьцьвярджалі, бяручы пад увагу надпісы на бараках, што іх вязуць у Сібір, а іншыя казалі, што яны едуць не на поўнач, а на поўдзень, і здагадкі дасягнулі найвялікшай напружанасьці, калі было выяўлена, што цягнік ішоў назад па тым самым шляху, па якім яны вось толькі ехалі.

Доказаў было колькі хочаш. Тыя, хто за час падарожжа сядзеў ля дзьвярэй цяплушкі, пазнавалі мясцовасьць, вёскі і станцыі. Настаўнік правяраў у сваёй кніжцы назвы станцый — яны супадалі. А, як спыніліся, відавочна выявілася, што на гэтай самай станцыі палонных тры дні таму назад кармілі абедам.

Карты Расіі ў іх ня было. А напамяць яны не маглі орыентавацца ў разьмяшчэньні расійскіх гарадоў, не гаворачы ўжо пра разьмяшчэньне чыгуначнае сеткі. Ясна было адно: яны ехалі туды, адкуль прыехалі, і гэты факт спрычыніўся таму, што ў адну сэкунду абляцела ўвесь цягнік жывая тэлеграма:

Падпісана згода і мы едзем дамоў!

З усіх зробленых да гэтага часу вынаходак, гэта была самая радасная, і яе ўплыў выявіўся ўжо на наступнай станцыі. Палонныя ўзяліся як мага прыбіраць сябе: мыліся, чысьціліся, узброіліся голкамі ды ніткамі і пачалі абшывацца. З глыбіні кішэняў зьявіліся сьветлыя зорачкі; іх пачалі прыладжваць да каўняроў. Калі-б стары ўладар лапікавае імпэрыі ўбачыў у гэту хвіліну сваіх слаўных абаронцаў, сэрца-б у яго так і ёкнула; бо адзін ефрэйтар аддаў узводнаму кашулю за дзьве зорачкі, якія былі ў тога ў запасе, а фэльдфэбель адмовіўся ад свайго абеду на карысьць аднаго радавога, які аддаў сваю новую шапку за яго потную і зашмальцаваную.

— Ці ведаеш, хто я, — казаў фэльдфэбель радавому. — Калі мы вернемся ў Аўстрыю, я на гэта не забудуся. Ну, хлопцы, падбадрыся, каб прыехаць дамоў сапраўднымі салдатамі…

Палонных ахапіла гарачка любасьці да чыстаты і парадку, як гэта бывае з гаспадынямі перад вялікімі сьвятамі. Спаткаўшы на нейкай станцыі эшалён палонных, якіх везьлі ў Пэнзу, і якія, значыцца, яшчэ нічога ня ведалі пра згоду, яны пачалі вымень-