Старонка:Svejk.5.pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

капеек, а пад шапкай у мяне яшчэ кавалак смажанага мяса. У торбе ў мяне: чай, цукар і цыгаркі, а за трыццаць капеек я купіў яшчэ і новы чайнік. Расія — добра!

І пакланіўшыся салдатам, якія праводзілі яго, ён кожнаму з іх падаў руку і чула сказаў:

— Дзякуй, добра! Здароў! Вось вам на чай, братцы!

Ён даў кожнаму па дзьве папяросы, перадаў купленае на ахову Марэку і пайшоў на вагзал, дзе паўз рэйкі стаяў даўгі рад недабудаваных драўляных баракаў.

Яны былі забіты дошкамі, а дошкі былі ўкрыты прозьвішчамі і подпісамі ўсіх палонных, якія тут праяжджалі, і палонныя са швэйкавай партыі дапоўнілі колекцыю аўтографаў весткамі і пра сябе саміх. Папляваўшы на дошку, яны ўвечнілі сябе з дапамогаю хэмічнага алоўка, накшталт таго: «Ян Голан з Льготы, Коўбалава вуліца № 6. Апошні паштовы адрас — Мілешоў пад Сельчанамі. Радавы 11-га пяхотнага палка, 4-га маршавага батальёну, 12-й роты. Пасылаю таварышом прывітаньне з дарогі на Сібір».

Швэйк пачаў чытаць надпісы, гаворачы:

— Гэтага Тржэцяка з Высоке Мыта я ня знаю, але Эрнст Кац з Кшэмянецкай вуліцы здаецца мне знаёмы. Гэта пэўна сын тога Кана, які гандляваў зайчынымі скуркамі, а потым судзіўся за падробленьне вэксалю. З адным Зомэрам я вучыўся ў аднэй клясе ў школе, але наўдачу, каб гэта той самы, бо гэты — 11-га ляндвэрнага палка, а той служыў у 36-м пяхотным палку ў Болеславіі, дзе яго бацька трымаў буфэт пры афіцэрскім сабраньні. А аднаму Шубэрту з Костомлята пад Німбрукам я калісьці прадаў сабаку.

Знаёмага ён усё-ж такі не знайшоў, хоць сумленна перачытаў спачатку да канца. Але затое ён знайшоў вольнае месца і напісаў на ім: «Тут уласнаручна расьпісаўся Язэп Швэйк, ордынарац 11-й маршавай роты, 91-га пяхотнага палка, калі ён, знаходзячыся ў ганебным палоне, трапіў сюды на сваім шляху праз усю Расію. Няхай жыве Франц-Іосіф!»

Зірнуўшы на свой подпіс здалёку, ён падумаў, што ў ім нечага не хапае; таму ён вярнуўся і дадаў: «Марэк таксама едзе са мною. Пухам яму зямля!».