Старонка:Svejk.5.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

два рублі на праезд. Што-ж, палонных аўстрыйцаў мы заўсёды шкадавалі. Таксама-ж людзі!..

Разам з тым з гэтага вынікае, што Швэйк удасканаліў свае мэтоды…


*

Нарэшце, палонныя даехалі да Пэнзы, і іхны цягнік спыніўся на запасной пуці на краі вялікай станцыі. Нічога асаблівага ня здарылася. Яны атрымалі зацірку і кашу, на гэты раз грэцкую, і больш аб іх ніхто не клапаціўся. Яны вылезьлі з цяплушак, знайшлі ваду, памыліся, пагаліліся, так, што ў іх ад болю сьлёзы цяклі з вачэй, а потым вышлі ў стэп каля станцыі, паскідалі адзежу і ўзяліся трускаць вошы, што густымі напластамі былі ў ёй.

Яны памалу абуджаліся ад застойнага гультайства, і ва ўсіх зноў зьявілася імкненьне жыць па-людзку. Знайшліся нават такія адважныя, што нацягалі ў чарапку вады і ўзяліся мыць бялізну.

Калі яны апранулі чыстыя кашулі, самаадчуваньне ў іх яшчэ больш палепшылася. Яны разышліся па станцыі, а некалькі асабліва сьмелых падаліся ў горад.

Сярод іх былі і тыя, ў каго яшчэ захаваліся аўстрыйскія грошы; яны надумалі памяняць грошы ў Пэнзе і гэта прыцягнула да іх цэлы натоўп спэкулянтаў, якія абступілі іх шчыльнай сьцяной і пхалі ім бадай што сілком рублі. Спэкулянты нажывалі на гэтай справе нямала, але з прычыны таго, што лік іхніх кліентаў быў абмежаваны, ніхто з іх асабліва не разбагацеў.

Швэйк, запэўняючы ўсіх-чыста, што ён — добры славянін, сабраў на ранейшых станцыях поўную кішэню медзякоў, ня лічачы некалькіх паўрублёвікаў і рублёў; цяпер, у горадзе, ён таксама адстаў ад іншых, і яго прывёў на станцыю патруль. Швэйк зьявіўся да сваіх, увесь зьяючы ад задавальненьня і трымаючы смажаную гусіну ў аднэй руцэ, а вараную курыцу ў другой, і ветліва ўсьміхнуўся Марэку, які лічыў, што гэтым разам Швэйк канчаткова загінуў.

— Тут ня надта ўжо і дрэнна, — сказаў Швэйк. — Я быў на гарадзкім пляцы; там акурат кірмаш, які тут завуць «базар», і вось што я накупіў. Гусь каштуе паўрубля, курыца — пятнаццаць