Старонка:Svejk.5.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Са мною ўсюды так далікатна абыходзяцца, — падумаў Швэйк, — ці не баяцца яны, каб я чаго не сьцягнуў?

Ён спрытна скінуў з сябе вошыну, якая паўзла ў яго па рукаве; вошына, зрабіўшы ў паветры дугу, звалілася на порткі вартаўніка, які акурат у гэту хвіліну ўзяўся за вяроўку званка, зараз-жа ўчапілася за новае месца і папаўзла ўгару пад кашулю. Вартаўнік даў званок і сказаў Швэйку:

— Другі званок твайму цягніку.

— Дармо, — гэтак-жа далікатна адказаў той, — сьпяшацца няма куды.

— Сядай, зараз будзе трэці званок, — настойліва паўтарыў вартаўнік і тры разы пазваніў.

Недзе за кляснымі вагонамі, якія стаялі сьпераду, крануўся цягнік. Паравоз са сьвістам, пускаючы густыя клубы паддаваў ходу.

Вартавы адыйшоў ад званка. Убачыўшы Швэйка, захопленага гутаркай з нейкай старою кабетаю, якая дапытвалася ў яго, ці ёсьць у яго жонка, ён штурхнуў яго ў бок і сказаў:

— Вунь пайшоў твой цягнік.

— Езус-Марыя! — крыкнуў Швэйк. — Яны едуць без мяне. Стойце! Спынецеся! Марэк, загадай спыніць, я застаўся тут!

Ён пераскочыў праз бар’ер і пабег за цягніком, з адчайным крыкам:

— Стой, стой! Я ня хочу заставацца тут адзін!

Але на трэцяй пуці яго схапілі чыгуначнікі і пацягнулі назад, прыгаварваючы:

— Дурань ты, дурань, куды ты лезеш? Хочаш пад хуткі трапіць?

У тую-ж хвіліну міма станцыі праімчаўся хуткі, і задні вагон швэйкавага цягніку зьнік за паваротам.

Швэйка завялі на станцыю і перадалі яго жандару. Той пачухаў у сябе за вухам, злосна і няпрыязна зірнуў на Швэйка і запытаў:

— Паперы!

— Вось, калі ласка, — паслухмяна адазваўся Швэйк, выцягнуў з кішэні кавалачак папяроснай паперы і падаў яе жандару. — І махорка. Закурыце.

— Ды ня курыльнай! — крыкнуў жандар, хапаючы яго за каршэнь. — Няма чаго табе дурнем прыкідацца, я табе пакажу!