Старонка:Svejk.5.pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзіў па хлеб і для іх, сам разьмеркаваў і хлеб, а потым сказаў Марэку:

— Гэта ня людзі, а нейкая жывёла, якая ня можа жыць без пастуха і пугі. Мне прышлося там для парадку даць некаторым па карку.

Дзякуючы экскурсіям на станцыі, веды расійскай мовы ў аўстрыйцаў значна пашыраліся. Швэйк мог ужо запытаць, дзе вар і якая гадзіна і гаварыць, што ён галодны і не страляў у расійцаў, бо расійцы — нашы браты, а сьвятыя Кірыла і Мэфодзі, якія прышлі на Русь, каб пашырыць там хрысьціянства, былі яго продкі: адзін па матцы, другі — па бацьку.

Марэк неўзабаве перагнаў Швэйка ў веданьні расійскае мовы; ён склаў сабе маленькі слоўнічак з пачутых выразаў, але гэты слоўнічак меў чыста акадэмічнае значэньне. Наадварот, Швэйк быў практык і заўсёды ў выніку ягоных размоў на станцыі з сялянамі, дзе ён даваў поўную волю сваёй фантазіі, зьяўляліся лусты хлеба, яйкі, булкі, чай і цукер.

Ён страшэнна любіў бегаць па станцыях, і ніхто ня ўмеў так проста адказаць жандару, які праганяў нячыстых аўстрыякаў з заляў для пасажыраў І і ІІ клясаў, як Швэйк; пры гэтым ён пазіраў на жандара з так спрытна ўдаванай пачцівасьцю, што таму рабілася нават горача.

Марэк ужо ўмеў чытаць надпісы на станцыях, а настаўнік запісваў іх на ўспамін аб пройдзеным шляху ў запісную кніжку. Швэйк сказаў, што гэта — глупства, і вывеў з таго, што яны скрозь ехалі на ўсход, што яны, калі нідзе ня спы́няцца раней, трапяць праз Пільзен у Прагу.

— Я зьлезу ў Вышэградзе, — сказаў ён Марэку, — бо мне адтуль бліжэй да хаты. І калі мы прыедзем да абеду, дык я пайду ў рэсторан «Тры сябры» і закажу сабе суп з вантробамі… Але толькі мне здаецца, што гэта лухта, калі кажуць, нібы зямля — круглая. Вунь мы які кавалак праехалі, а яна ўсё роўная, як талерка.

Яны зноў спыніліся на нейкай станцыі; Швэйка вышаў на пэрон і завеў сяброўскую гутарку з вартаўніком. Той усыпаў яму жменьку махоркі і знакам паказаў, каб ён адыходзіў, бо вакол іх ужо сышоўся гурток цікавых, якія трымаліся, аднак, на пэўнай адлегласьці.