Старонка:Svejk.5.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ратар, або як яго завуць яшчэ — цар, нiчога ня ведае. Гэта, як быццам, шляхетны чалавек, братцы, а нас, чэхаў, ён нават страшэнна любiць i душа яго наогул славянская і чэская. Гэта я ведаю ад самога доктара Крамаржа.

І Швэйк пераказаў тое, што чуў недзе на нейкім мітынгу, нiбы цар толькi i думае аб вызваленьні чэхаў і славян. І, выказваючы ўсе гэтыя прыгожыя рытарычныя сказы, абабітыя i зашмальцаваныя на мітынгах і сходах, ён пакрысе і зусім распаліўся.

— Таму, што, сябры, — разьдзіраўся ён, — як толькi цар даведаецца, што мы тут, ён нас бадай запросіць да сябе ў Пецярбург, каб паказаць нам, як ён кіруе Расіяй. Спачатку, панове, будзе аўдыенцыя, потым ганаровы абед, а ўвечары баль і бог ведае што яшчэ. Ён нас усіх, можа, пакладзе спаць з прыдворнымі дамамі. Я, братцы, вазьму блёндыначку, якую-небудзь такую княгіню або графiню, ня вельмі тоўстую, а так толькi пульхненькую і ня вельмі гарачую. Гэтага я ня люблю… Я iхнаму гофмайстару так і скажу: «Шляхетную, спакойную, для старога пана».

— А як-бы ты з ёй стаў размаўляць? «Добра, добра, так, так?» — кплiва спытаў капрал. — Ты-ж не патрапіў-бы з ёй дамовіцца.

— Ты праўду кажаш, дружа, цяжка паразумецца з жыхарамі варожай краіны, а асабліва, калі яны гавораць чужой мовай, — сур’ёзна азваўся Швэйк. — А iншы раз і муж ня можа дагаварыцца з сваёй уласнай жонкай. Вось у Крочагляве жыў адзін шахцёр, нехта Янда, дык той пасварыўся з жонкай і яна кiнула з ім гаварыць. Ну дык ён, каб адпомсьцiцца, таксама не гаварыў з ёю, i калi iм што-небудзь было патрэбна, дык яны пiсалі крэйдай на стале. Тым часам ён захварэў і цэлы тыдзень пралежаў дома, а ў суботу доктар вызнаў яго за здаровага i сказаў яму: «Ну, пане Янда, у панядзелак вам прыдзецца пайсьці на работу». Прыходзіць наш Янда ў нядзелю ўвечары з піўніцы, жонка чакае яго вячэраць, а ён павячэраўшы піша на стале: «Заўтра раніцой выходжу на працу, разбудзі а чацьвертай». Жонка прачытала і нічога не сказаўшы лягла спаць. Раніцой ён прачынаецца, глядзiць — жонка ўжо каву змалола, на двары — дзень, і гадзіньнік паказвае палавіну на восьмую. Ён перапалохаўся, стаў лаяць жонку і крычаць: «Што-ж ты мяне