Старонка:Svejk.5.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

не разбудзіла?» А яна не адказвае i адно кiвае на стол. Ён падыходзiць і бачыць — пад яго надпiсам: «Заўтра раніцой выходжу на работу, разбудзі а чацьвертай», рукой яго жонкі напісана: «Уставай, чатыры гадзіны», а потым: «Уставай, ужо нават чвэртка на пятую!».

Швэйк з хвіліну падумаў, а потым сказаў далей:

— Або ўзяць хоць бы Халечыка, які жыў у Разьдзялове. Ён і ягоны друг-прыяцель Фэрда-Бэран — абодвы былі чэхі, а вось таксама ня здолелі паразумецца. Іншы раз у мове няма дасканалага выразу на што-небудзь, і праз гэта могуць быць не малыя няпрыемнасьці. Дыплёматам прыходзіцца нават спецыяльна вучыцца па-француску, таму што гэта такая ўжо дасканалая мова, у якой нічога iншага ня збрэшаш, апроч таго, што думаеш i што хочаш сказаць… Ну дык вось гэты Халечык ажаніўся з нейкаю Эмаю Петржылек з Унгошту, а Бэран, гэты самы раней таксама да яе заляцаўся і, калі яна выйшла замуж, вельмi на яе разахвоціўся. Яна была нішто сабе маладзіца, пампушачка такая, уся мяканькая… Задок у яе быў, як падушачкі, і ходзячы яна ім вiхляла так, што ў мужчыны сьлiнкi цяклi… Аднойчы сядзiць гэты Бэран з Халечыкам у піўніцы і кажа Халечыку, як той зладзіў ісьці дадому: «Зайздрошчу я, браце, табе, што ў цябе такая прыгожая жонка. Далібог, Пэпі, пяцьдзесят крон не пашкадую, каб палэпаць яе па задку. І з таго часу, калі яны сустракаліся, ён нi аб чым іншым не гаварыў, як толькі аб гэтым «палэпаць». Усе вушы ён Халечыку пратрубіў: «Разумееш, Пэпі, толькi крышачку палэпаць, і я табе ахвотна дам пяцьдзесят крон». Халечык расказаў гэта сваёй жонцы, а тая сказала: «Ну і хлюст-жа твой прыяцель, калі ў яго гэткія думкі. Але толькi ведаеш што, Пэпі? Бадай табе варта было-б яму дазволіць. Я куплю сабе на гэтыя пяцьдзесят крон новенькі палітон, мне-ж ад гэтага нічога ня стане, але толькі ўмоўся з iм, каб ты мог падглядаць. Таму, што мужчыны не здавальняюцца пад час абеду адным крупнікам, а калi возьмуцца за лыжку, дык хочуць зьесьці ўвесь абед». І вось, Пэпі Халечык, калi Фэрда-Бэран усё чапіўся да яго сваiм «палэпаць», дамовіўся з iм на нядзелю, але з тэй умовай, што будзе падглядаць у шкляныя дзьверы з кухні, каб, калі што-якое, умяшацца ў справу, а Барэн зноў-жа паставіў умову, каб Эма была толькі ў аднэй цененькай спаднічцы. У нядзелю прышоў Бэран, а Халечык адхінуў фіранку