Старонка:Svejk.5.pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Памятаю, памятаю, — адгукнуўся Швэйк. — Яшчэ прывезьлі ў Прагу марожанае мяса з Аргентыны, а потым прышлося выкінуць яго ў Ултаву, бо цана на яго спала. А каб паглядзець гэтага Гобэра, з Прагі і ваколіц у Кухэльбад назьяжджалася тысяч трыццаць народу. І што патрэба — маці вынаходлівасьці, як ты сказаў, гэта таксама слушна. Але і п’янства грае часам пры гэтым ролю павітухі. Вось я, напрыклад, знаў аднаго Собку з Суваля і яго жонку. Гэта была, як той кажа, няроўная пара. Яна была ў саюзе цьвярозьнікаў, а ён штодзень быў п’яны, як сьвіньня. Прыдзе дахаты ўвесь брудны, а яна толькі ведае, што абмывае яго, заліваючыся гаручымі сьлязьмі і лаючыся апошнімі словамі. Аднойчы ён вось так прышоў п’яны і брудны да хаты, а яна…

Але тут апавяданьне перапыніла бойка, якую завялі два занадта гарачыя палонныя. Наогул, у цяплушцы найбольш панкавала згода, але варта было каму-небудзь з вышэйшых лаваў абліць каго-небудзь з ніжэйшых чаем ці штурхнуць, як той ужо лез на кулакі… Дзіўна! Гэтыя-ж людзі, ўсе ў аднолькавым сумным і нядобрым становішчы, толькі выйшлі з паласы агню, дзе яны без ніякага протэсту, нібы авечкі, ішлі на забойства і моўчкі жыўцом гнілі ў гразі, крыві ды гнаі, нібы гэта было нешта зусім зразумелае і натуральнае, а тут за тысячы кілёмэтраў ад фронту, паміж сабою, яны зайздросьцілі адзін аднаму, і былі злосныя, як сабакі на ланцугу. Яны злосна лаяліся паміж сабой, ніхто не хацеў даць таварышу нажа, не дзяліўся вадой, упікаючы яго кожным кавалкам выпрашанага хлеба. Нарэшце дайшло да таго, што часам, як стаялі на станцыі, дзе трэба было атрымліваць паёк, з сарака чалавек палонных не знаходзілася нікога, хто-б згадзіўся прынесьці для іншых з раздавальнага пункту хлеба і стравы.

— Ніяк не магу ўцяміць, — казаў Марэк, якога выбралі за цяплушачнага старосту, — як гэта можа быць. У яго самога жывот уцягнула з голаду, а ён, такі-сякі, ня хоча прайсьці пяцьдзесят крокаў па ежу. Няўжо людзі так згультаіліся? Ці гэта ў іх рэакцыя пасьля нэрвовай напружанасьці на фронце?

Швэйк заўсёды хадзіў для сваёй дзесяткі па хлеб, а аднойчы калі засталося дзьве лішніх булкі, на якіх ніхто не заявіў прэтэнзіі, і тыя, хто застаўся бяз хлеба ў суседняй цяплушцы злосна лаяліся і гатовы былі зьбіць свайго дзяжурнага, ён сха-