Старонка:Svejk.5.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Апавядальнік уздыхнуў і казаў далей:

— Я агледзеў дзьверы склепу: на іх быў замок, але вісеў ён на зусім слабым прабоі. Я дастаю штых, усаджваю яго ў прабой і паварочваю — прабой толькі рыпнуў. І дальбог, хлопцы, не маню: у гэтых праклятых офіцэраў былі схаваны там вось гэткі кавалак масла, гладыш сьмятаны, конаўка вяршкоў, якія хоць нажом рэж, і два вядры добрага творагу. Я ўсё гэта вынес, вяршкі выпіў, а масла і сьмятану схаваў у ранец. Ну, а што рабіць з творагам? Пакінуць — шкада! Пабудзіць таварышоў і раздаць ім — таксама няможна: яшчэ хто-небудзь дакажа. Тады я зьняў нагавіцы — яны былі яшчэ досыць чыстыя, я насіў іх толькі пяты тыдзень — завязаў іх зьнізу і паклаў туды твораг. У кожную калошу ўвайшло акурат па вядры. Я занёс іх у поле, схаваў у жыце і прыкрыў саломаю, а потым вярнуўся на месца, нібы нічога і ня было. Але што за гвалт быў раніцою!.. Капітан, паручнік і кадэт — смаркаты такі хлапчанё!- кідаліся туды і сюды, як шалёныя. Загадалі абабіць дзьверы склепу жалезам і зрабіць завал з кавалка рэйкі. Ну, а потым, як пачаў я шукаць сваю здабычу у жыце, выявілася, што сабакі сьцягнулі яе ноччу на другое поле. Нагавіцы, вядома, былі падраныя, але творагу ў іх крыху засталося, і я з яго зрабіў сабе сыру. Бо на вайне, браточкі, трэба ўсё абмеркаваць і нічым ня грэбаваць.

— Патрэба — маці вынаходлівасьці, — сказаў настаўнік. — Чалавечы розум робіцца дамысны, калі цела адчувае ў чым-небудзь патрэбу, ды ня можа здабыць неабходнага. Калі сам знаходзішся ў дрэнным становішчы…

— … дык ідзеш і рэжаш у таварыша яго мяшок з рэчамі, — нібы паміж іншым сказаў Швэйк.

Настаўнік пачырванеў і гаварыў далей:

— Калі дзяржава ў небясьпецы, калі людзкая грамада вісіць над процьмаю, дык лепшыя розумы пачынаюць думаць пра самаабарону і паратунак. У часе вайны дзяржавы гатовы кожную хвіліну збанкруціцца і вось тэхніка рухаецца наперад вялікімі крокамі. Узяць, напрыклад, аэропляны. У 1909 годзе француз Гобэр меўся ўпяршыню паляцець на іподроме ў Кухэльбадзе пад Прагай. Меўся, кажу я, ды не паляцеў, бо веяў слабы ветрык, якога ў той час трэба было яшчэ баяцца. А цяпер праз шэсьць гадоў, аэропляны лётаюць на фронце нават у буру, што груганы. Значыцца, вайна спрыяе разьвіцьцю тэхнікі.