Старонка:Svejk.5.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жалі цэлыя груды сонешнікавага лушпавіньня. Ля адчыненага вакна сядзеў селянін і кабета; яны гаварылі паміж сабой, і пры гэтым лушпавіньне ляцела з іхных вуснаў, як аблупленая эмаль з перагрэтай каструлі.

На вагзале, поўна набітым людзьмі, а таксама і ў пасажырным цягніку хутка даведаліся, што ў такім вось цягніку едуць палонныя. Гэту вестку прынялі з радасьцю, як спосаб разагнаць страшэнную нудоту. І калі аўстрыйцы палезьлі з цяплушкі, іх абступіў натоўп мужчын і жанчын і паўз увесь цягнік чуліся гутаркі, якія ўсе пачыналіся з пытаньняў: «Колькі табе год?» і «А зямля ў цябе ёсьць?».

Гэткія-ж брудныя, як і палонныя, бедна апранутыя сяляне ў сваіх кашулях на выпуск, хто ў высокіх ботах, а хто і босы ці ў лапцёх, гутарылі голасна і пыталі, чым скончыцца вайна і хто пераможа. Адзін з іх зьдзеў з Марэка куртку, напнуў яму на галаву сваю шапку, выпусьціў у яго з парток кашулю і радасна крыкнуў:

— Глядзі, сапраўдны русак! Ніхто ня дасьць веры, што гэта аўстрыец.

З вагона зірнула сялянская кабета і прыветна ўсьміхнулася Марэку. Потым яна выцягнула з-пад лавы грубы мяшок, дастала адтуль кавалак сітнага і два яйкі і сказала:

— Вось, маеш! Наш Аўхім таксама ў палоне, у немца.

— У гэтых сялян галовы як у жабракоў ці ў Льва Талстога, — прашаптаў Марэку настаўнік.

— Па-мойму, яны падобны да апосталаў, — таксама ціха абазваўся той.

— Яны ня надта клапоцяцца аб прыгожай вопратцы, — сказаў Швэйк. — Цырульнікі і мылавары тут не разбагацелі-б. Але затое грабеншчыкам хапіла-б працы. Тут кожны валасаты, як Ісаў. А хітрыя-ж яны, што чэрці. Вось гэткі дзядзя палезе босы на хвою, а назад лезе ўжо ў ботах. Адно цікава, як тут выглядае мора.

Гэтым часам паравік пасажырскага цягніка даў гудок, на вагзале празьвінеў трэці званок, і цягнік крануўся. Кабета ля вакна яшчэ раз кіўнула Марэку і падала яму жменьку сланечніку.

— На, трымай! Усяго добрага!