Старонка:Svejk.5.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ад Кіева з імі ехалі два расійскія офіцэры, і ў цягніку панавала дысцыпліна. Дзьверы павінны былі замыкацца, і без праваднічага нікому не дазвалялі выходзіць. Калі цягнік, чакаючы стрэчнага, спыняўся на разьездах і палонныя спраўлялі свае натуральныя патрэбы пад адкрытым небам, вартавыя стаялі каля іх, як анёлы, а штыхі тырчэлі ўгару, як пяруньнікі.

На другі дзень офіцэры вылезьлі, і ўвесь гэты парадак адразу спыніўся. Вартавыя зашыліся ў асобны вагон, прызначыўшы «цяплушачных старост» з аўстрыйскіх унтэр-офіцэраў і заявіўшы ім, што яны адказваюць за ўсё, і палонныя такім чынам самавызначыліся.

У цяплушках былі зроблены з кожнага боку па два рады лаў, на якіх можна было ляжаць. Хто іх пасьпеў заняць, той карыстаўся прывілеем, што спаў ноччу лежачы, а тыя, хто знаходзіўся пасярод цяплушкі, маглі ў сваю чаргу сядзець пад час язды пры адчыненых дзьвярох, боўтаць пад грукат колаў нагамі і любавацца краявідам.

Неабсяжная роўнядзь бегла за цягніком назад. Праносіліся вялізныя цалі пшаніцы, жыта, аўса, цукровых буракоў, шырокія поплавы, раскіданыя дзе-ні-дзе вёскі пад таполямі і вербамі, ветракі, сады і гнілыя сьцірды саломы, якія схіляліся над палямі, нібы вялізарныя чарвівыя грыбы.

Палонныя глядзелі на верставыя слупы, якія паказвалі, колькі праехалі вёрст, і спрачаліся аб мэце іхнага падарожжа. Адны запэўнялі, што іх вязуць у Сібір, іншыя — да Чорнага мора, на Каўказ.

Узьнялася спрэчка аб прызначэньні засеянай сонешнікам паласы. Настаўнік, з якім Швэйк зрабіў увесь шлях ад мяжы і спаткаўся цяпер тут у цяплушцы, сьцьвярджаў, што сонешнік разводзяць адно дзеля яго хараства, бо, як вядома з літаратуры, расійцы — народ поэтычны. Марэк даводзіў, што яго разводзяць за кармавую расьліну, замест бульбы, якой яшчэ нідзе ня было відаць, а Швэйк вырашыў пытаньне, сказаўшы:

— Расійцы — поэтычны народ, і з прычыны гэтай поэтычнасьці яны лузгаюць семячкі, як у нас вавёркі — арэхі. Увогуле, добры зьвярынец пабудаваны на зямлі.

На бліжэйшай станцыі Швэйкава меркаваньне аб прызначэньні сонешніку цалкам спраўдзілася. Побач з цягніком з палоннымі стаяў пасажырны, і там, пад вокнамі трэцяе клясы, ля-