Старонка:Svejk.5.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

5

ЭКСПЭДЫЦЫЯ Ў ГЛЫБІНЮ РАСІІ

Калі праскі абываталь езьдзіў у Турноў, уся сям’я і ўсе знаёмыя праводзілі яго, а ён, мацаючы свой сакваяж, пытаў жонку:

— Колькі-ж шныцалёў ты мне дала з сабою, старая? А на кілбасу ты не забылася? А бутэльку з наліўкай? Ты-ж ведаеш, што я гатоў самлець дарогаю, бо ў мяне такі кволы страўнік, а мне прыдзецца як-ні-як, а ехаць тры гадзіны ў цягніку.

Вайна і яе патрабаваньні скасавалі такую кволасьць страўніка акурат таксама, як яны скасавалі нэрвовасьць, дрэннае страўленьне, замароку і адсутнасьць апэтыту. Швэйк і Марэк сядзелі разам з трыццацю васьмю палоннымі ў цяплушцы, якая няспынна кацілася з імі чацьвертыя суткі на ўсход, і ўсё-ж у іх ня здарылася морскай хваробы.

І чаго-б яна мела ў іх быць? Раз-по-раз, не даяжджаючы да якой-небудзь станцыі, спыняліся на запасных пуцёх; вартавыя, якія ішлі з эшалёнамі, выганялі палонных з цяплушак да кухняў, дзе яны атрымлівалі па кавалку хлеба, па кацялку заціркі і па лыжцы кашы. Адтуль іх гналі ў прыбіральні, а потым зноў у цяплушкі; паравоз даваў гудок, і цягнік ішоў далей.

Такі цягнік быў падобны да вандроўнага зьвярынцу, які спыняецца толькі там, дзе можна пакарміць жывёлу. Людзі, што ехалі ў ім, ня мыліся, не часаліся, не галіліся; бруд на іх нарастаў карою, якая з кожным днём таўсьцела і таўсьцела. Вошы пладзіліся ў цяплыні перапоўненых цяплушак з падвоенай хуткасьцю, і ўжо заядалі зусім аўстрыйцаў, бо ніхто іх ня біў. А калі палонныя, вяртаючыся з прыбіральі, іншы раз не знаходзілі свайго цягніка на тэй самай пуці, яны шлындалі па вялізных станцыях і пыталі адзін аднаго:

— Ці ня бачыў ты, дзе дзелася наша перасоўная карчма?