Старонка:Svejk.5.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ня сумуй, браце, нашы патугі дадуць свой плён. Ты — ідэаліст, а я — практык. Жыццё патрабуе практычных захадаў, і час на мае мэтоды яшчэ прыдзе. Другім разам ты ім скажаш: «Вы будзеце мець гонар быць чэскімі ваякамі, рыцарамі Бланіка!», а я скажу ім: «Вы будзеце атрымліваць хлеб і грошы, будзеце жэрці клёцкі і капусту, а ў дзень св. Вэнцэслава вам дадуць смажаную гусіну!». Вось убачыш, мы свайго дойдзем! Ну што, у рэсторан сёньня прыдзеш, Вашэк? У «Празе» атрымалі сьвежае піва. Півавар з Здолбунова варыць яго пад рукой.

Замест адказу, офіцэр паказаў рукой на блізкі ўжо трамвайны вагон, і абудвы пайшлі хутчэй; прапаршчык пачаў адставаць.

Нязначны лік чэхаў, якія складалі аўдыторыю, памалу разыйшоўся. Калі той ці іншы хацеў сказаць што-небудзь пра пачутае, палонныя недаверліва і моўчкі паціскалі плячыма.

А з-заду ля плоту ляжаў наш Швэйк і стараўся навучыць Марэка расійскаму гімну, сьпяваючы на яго мотыў розныя шансонэткі ды прыпеўкі…

Ноччу палонных раптам пагналі з лагеру на вакзал і набілі імі цяплушкі. На досьвітку падалі паравік, і цягнік рушыўся…