Старонка:Svejk.5.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ня было паасобных людзей, апынуліся і тыя палонныя, якія павінны былі атрымаць ежу і ісьці на працу.

Ня было ні стогнаў, ні крыкаў; усё зьлілося ў глухі, злавесны гул, нібы аднекуль здалёк насоўвалася навальніца. І раптам натоўп ірвануўся да катлоў і хлеба, і пачалася бойка.

Булкі хлеба лёталі над галовамі, крышыліся скрыўленымі пальцамі на тысячы кавалкаў. Лыжка заціркі гатова была ўжо зьнікнуць у галодным роце, але чыя-небудзь рука адкідала яе прэч, апарваючы гарачым варывам твар таго, хто першы завалодаў ёю.

Шпаркім крокам падыйшла рота расійцаў са штыхамі напагатове. Але ніхто не спалохаўся, ніхто не адскочыў перад гострымі штыхамі. Салдаты прымушаны былі спыніцца і адступіць. Прапаршчык, які камандваў імі, загадаў набіць стрэльбы і даць залп угару.

Залп прымусіў уздрыгнуць вяршаліны хвояў, але ніхто яго ня чуў, ніхто не зьвярнуў на яго ўвагі. Галодныя людзі працягвалі бойку.

Прапаршчык, бледы і здэтанаваны, зусім зьбянтэжыўся і хацеў быў ужо сур’ёзна страляць. Але ў гэтую хвіліну паветра страсянулася ад нялюдзкага, роспачлівага крыку, крыку нязноснага болю і жудасьці; шэра-сіняя маса застыгла, а потым пачала падавацца назад і разыходзіцца.

Расійскія салдаты, не чакаючы каманды, узяліся разганяць яе па лесе, не шкадуючы ўдараў. Каля кухні засталіся толькі раздушаныя і скомчаныя, а ў катле з кашай тырчэў палонны мадзьяр дагары нагамі, які, занадта ўжо перахіліўшыся праз край, быў скінуты туды заднімі і літаральна звараны жыўцом.

Яго выцягнулі за ногі, выкапалі кацёл з зямлі і паставілі яго ў бок. Прапаршчык паслаў пра гэта рапарт у Кіеў. Але калі адтуль прыехаў цэлы батальён разам са сьледчай камісіяй, каб скласьці адпаведны акт, кацёл быў ужо пусты і на дне ў ім знайшлі толькі шапку. Паміж ініцыяламі «Ф. І. І.», аб якія нейкі палонны, аблізываючы шапку, парэзаў сабе язык, засталося крыху кашы. Усю рэшту палонныя зьелі, не зважаючы на тое, што каша была прыпраўлена тлушчай няшчаснага таварыша.

Пад абед з Кіеву падвезьлі яшчэ хлеба і некалькі новых катлоў; звараны мадзьяр абудзіў сумленьне расійскага інтэн-