Старонка:Svejk.5.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, ну, уставай! На працу!

Кіеў умацоўвалі і на капаньне акопаў ды пабудову драцяных загарод пастанавілі выкарыстаць палонных аўстрыйцаў. Славянская Расія, таксама як і Аўстрыя і Германія, зусім не хацела дарма карміць гэты чалавечы матэрыял, які ратаваўся ў палоне ад вайны, ці дазволіць яму паміраць са старасьці на саломцы, пакуль была яшчэ магчымасьць геройскай сьмерці ад кінутай з аэропляну бомбы ці адважнае і патрыётычнае пагібелі з голаду і зьнямогі. Палонных пералічылі, адкінулі тых, якія ад слабасьці не маглі больш стаяць на нагах, і падмянілі іх дужэйшымі. Потым ім праклалі дарогу да катлоў, гаворачы:

— Ну, наперад, хлопцы! Ежу і хлеб вы атрымаеце, а потым гайда на працу!

Палонных разьбілі на групы па дзесяць чалавек і раздалі ім бачкі. З другога канцу лягеру пад’ехала некалькі фурманак, і з іх пачалі складаць вялізныя булкі чорнага хлеба.

Лягер аджыў. Брудна-сіняе цеста заварушылася і хлынула да кухняў. Палонныя стаялі шчыльна адзін пры адным, зьліўшыся ў адно, нібы застыглая лява.

Каля катлоў фэльдфэбель даў першай дзесятцы булку хлеба; кашавар зьняў покрыўку з катла, памяшаў зацірку і наліў палонікам ў бачок. Па лесе разышоўся пах падсмажанай цыбулі і так шчыльна згуртаваў людзей, што яблыку недзе было ўпасьці. Уся ўвага была сконцэнтравана на катлох і на фурманках з хлебам; вочы гарэлі, ноздры расьпіналіся, уцягваючы пах гарэлага ялавічага сала.

Атрад, які адлучыў прызначаных на працу ад іншых, быў узмоцнены яшчэ адным узводам, але ён ледзь стрымліваў націск узбуджанага натоўпу. Расійскія салдаты ў першым шэрагу, узяўшыся за рукі, стварылі суцэльны ланцуг; другі шэраг за імі адганяў палонных прыкладамі.

Першая дзесятка ўжо пад’ела, а ў другой разьмяркоўвалі хлеб. У гэты момант маса ўскаланулася; з элементарнай сілай, з сілая якая пад час вулькановага выбуху ўзьнімае выспу з дна мора, яна націснула ў бок кухні і рынулася, нібы сьнегавы абвал, да катлоў.

Ланцуг перарваўся, вартавых пазьбівалі з ног, і пад ботамі шалёнага натоўпу, які прарваўся нястрыманай патокай, дзе ўжо