Старонка:Svejk.5.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

коліць яго цела голкаю, з пятак да галавы, і Чэрмак уздыхае: «Не яшчэ. Не яшчэ. Усё яшчэ не… А вось цяпер, так!» Калі-ж доктару абрыдзелі досьледы з голкай, ён пасадзіў Чэрмака на крэсла і пачаў стукаць малатком па каленях. Чэрмак адбіваўся, крычаў, што яму баліць, што калені ў яго дужа ломіць… Тады доктар паклаў яму на рукі мядзяную шчотку, а на ногі другую і пусьціў ток, а Чэрмак як завые: «Ой, ня вытрымаю, пане доктар, ня вытрываю! Ой, сьвятыя ўгоднікі, сьмерць мая прышла!» Нарэшце, доктар Краус выключыў ток і строга загадвае: «А цяпер, даражэнькі, кіньце прыкідацца і йдзеце проста, чорт вас забяры!» І што-ж: Чэрмак пайшоў сабе, нібы ён ніколі і ня кульгаў. Доктар яму яшчэ: «Цяпер — бегма, шпаркім крокам! Дзесяць хвілін — бегма! Чэрмак і гэта выканаў, пакуль не атрымаў адзнакі: «Здатны!» А Краус гэты самы бліснуў сваімі сьвінымі вачыма і кажа: «Вы, вольнапісаны, у тэхнікуме вучыцеся? Значыцца, вы пра дзівы тэхнікі ведаеце?»

— У Празе, у адным шпіталі неяк электрызавалі турка, — успомніў Швэйк, — дык той зароў, як леў, вырваўся і ўцёк, і толькі ўвечары яго затрымалі недзе за горадам. Мне давялося недзе чытаць, што ў Амэрыцы, у Нью-Ёрку, адзін нэгр, які забіў фэрмэра і згвалціў ягоную прабабку, пасьля таго, як быў абвінавачаны ў блудзе з аднэй распуснай дзяўчынай, сарваўся з электрычнага крэсла і ўцёк, а потым утапіўся ў Панамскім канале. Відаць, гэта электрычнасьць будзе мацнейшая, чым тая, якую за пяць хэльлераў пушчае стары ў піўной «Флек», але ўсё-ж я ведаў чалавека, на прозьвішча Хазапэрк, які вытрымліваў і ня гэткія рэчы.

— Потым доктар Краус, — казаў далей Марэк, — загадаў легчы на стол аднаму салдату, які быў аглушаны выбухам міны і больш чым паўгода ня мог гаварыць. Доктар паклаў на яго шчоткі і пачаў памалу падбаўляць току. Спачатку хлопец толькі падсьвістваў, потым запішчэў, потым завыў і нарэшце, так зароў, што ў нас валасы ўзыняліся тарчма ад жудасьці. А доктар адно і ведае, што прыціскае шчоткі ды ласкава прыгаварвае: «Толькі адно слова скажэце «Пардубіцэ!» — «Пардубіцэ!» — грымнуў салдат, як кандуктар, аж увесь барак задрыжэў. Доктар намаляваў у яго паперах: «Здатны» і ласкава навучае яго: «Вось гэта слова «Пардубіцэ» і доктара Крауса, які вас навучыў яго вымаўляць, вы ніколі, аж да сьмерці, не забывайце!»