Старонка:Svejk.5.pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так, чалавек ёсьць продукт навакольнага асяродзішча, — у задуме сказаў Марэк. — Але ў Пардубіцэ ва ўсіх дактароў быў прынцып кожнага вылечваць, ды так вылечваць, каб ён усё жыцьцё не забыўся на гэта. Салдат, прыехаўшы туды, хоць і крэнхаў, нібы той Лазар, але выходзіў з адзнакай: «Здатны служыць». Разам са мной быў адзін кравец з Кралове-Градца, які заўжды гаварыў: «Пане вольнапісаны, я магу сказаць толькі адно: тут ня шпіталь, а бандыцкае гняздо, катавальня». Гэта было зусім слушна: там лячылі толькі злектрычнасьцю і голадам, выганяючы хваробы з цела, як за часамі гішпанскай інквізыцыі — д’ябла з ведзьмаў. Галоўны інквізытар там быў адзін доктар Краус з Прагі, а доктар Папенгэйм быў у яго за памочніка. Гэтыя два суб’екты маглі падымаць хворых на ногі! У 13-м бараку знаходзіліся машыны для электрызацыі; з вечару фэльдфэбель чытаў нам сьпіс тых, хто павінен быў раніцой туды прысьці, і людзі, якія там пабылі, ня спалі ўсю ноч — яны так баяліся гэтай мэханікі! Ну, зьявіўся і я туды, і доктар Краус агледзеў маю руку. Гэта быў тоўсты чалавек, з лысай, як більярдная куля, галавой, бліскучым чэрапам і маленькімі вочкамі. Вочкі тыя заплылі, як у сьвіньні, і былі хітрыя, як у сарокі. Пацмокваючы тоўстую цыгару, ён з усьмешкай паглядзеў на мае паперы. «Значыцца, вольнапісаны, — кажа ён, — у вас руку адняло? Ад агнястрэльнай раны ці ад раматусу? Ну, дармо, ня бойцеся, мы хутка вылячым! Аўстрыі патрэбны інтэлігэнты з здаровымі рукамі! Пачакайце хвілінку, спачатку мы пусьцім больш лёгкіх хворых». І вось, — вёў далей сваё апавяданьне Марэк, — ён выклікае нейкага Чэрмака, такога старога ландштурміста з 7-й брыгады. Той адказвае: «Тут!» і кульгае да доктара, апіраючыся на два кіі і схіліўшыся ў тры пагібелі, — проста жах глядзець. «Небарака, — думаю я, — што з табой яшчэ можна зрабіць? Твая справа пэўная». А доктар Краус зірнуў у паперы і пытае: «З чаго гэта ў вас сталася? Цяжкавата з вамі будзе!» — «Гэта мяне так у Літармэржыцы абрабілі, пане галоўны ўрач, — хрыпіць Чэрмак. — Мяне спачатку саджалі ў паравую ванну, а потым аблівалі халоднай вадой, і вось цяпер я паварушыцца не магу. Усё ў мяне баліць, а ногі ў мяне — як целяшы». Доктар толькі далікатна ўсьміхнуўся: «Дармо, дармо! Калі ласка на гэты столік, распранецеся, ляжце на жывот, заплюшчыце вочы, а калі я вас пакалю голкай, скажэце: «Цяпер!» І ён сапраўды