Старонка:Svejk.5.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пэўна, затрымаецеся там на колькі тыдняў». Ну, прыехалі мы ў Пардубіцэ. Дапраўды, шпіталь вялізарны: пяць карпусоў, у кожным з іх — па сорак палат. Усё разьмеркавана па аддзяленьнях: у першым корпусе — вэнэрыкі і ўсё, што з гэтай опэры; у другім — хворыя на тыфус, дызэнтэрыю, халеру; у трэцім корпусе знайшлося месца для нас, хірургічных з фронту. Быў час, калі досыць было толькі прайсьці амбуляторыю, і калі палкавы доктар прызнаваў цябе за хворага, дык шпітальны доктар нават не турбаваўся, каб агледзець цябе. Ён лічыў, што, каб чалавек быў здаровы, дык калега не накіраваў-бы яго ў шпіталь, і ахвотна даваў такому чалавеку крыху адпачнуць. У іх нават было ўстаноўлена, што параненыя мелі адпачынку паўтары месяцы, рэўматыкі і хворыя на парок сэрца — месяц. Так, раней чалавека з больніцы не выганялі.

— А вось я ведаў аднаго Рысса з Млады-Болеславі, які служыў за вартавога на аўтомобільным заводзе, а за мобілізацыю трапіў у 10-ы ландвэрны полк, — падхапіў Швэйк. — Дык той прыходзіць у кашары і заяўляе, што ў яго нешта нядобрае з сэрцам. Палкавы доктар агледзеў яго і кажа: «Я вас, сымулянта, у карцары згнаю! Сэрца здаровае, як у каня!» Той пайшоў дадому, узяў на заводзе бюлетэнь, ды зварочваецца да доктара страхкасы: «Так, і так, баліць сэрца, не магу працаваць». Страхавы доктар выслухаў яго; напісаў рэцэпт. «У вас, — кажа, — праца не цяжкая, дык вы дома не сядзіце. Вось ужывайце гэтыя лекі, па тры лыжкі на дзень, а калі не дапаможа, дык прыходзьце зноў. Але вы павінны берагчы сябе, Рысс». Той у бліжэйшую нядзелю апрануўся па-сьвяточнаму і паехаў у Прагу да профэсара. Профэсар уважліва агледзеў яго і запытаў: «У вас ёсьць жонка і дзеці? Вы застрахаваліся на іхную карысьць на выпадак сьмерці? Справа ваша дрэнная, дружа! Вам трэба ляжаць, вам няможна хвалявацца, няможна піць піва і чорную каву… Вось вам мікстура, а праз тыдзень заходзьце зноў». Пра гэта апавядаў нам сам Рысс у рэстаране, дзе ён заказваў пасьля кожнага куфля піва па кубку чорнай кавы з вялікай чаркай каньяку, кажучы, што ўва ўсіх дактароў адна навука, гэта азначае, што ўсе яны ў ёй мала разумеюць і ўсе аднолькавыя сьвіньні. І спрачаўся, што каб гэты профэсар быў за палкавога доктара, дык-бы прагнаў яго, а каб палкавы доктар быў на пасадзе профэсара, дык сам-бы паклаў яго ў ложак.