Старонка:Svejk.5.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цялё ў разьніцу, ведаючы, што знарад гатоў адарваць табе галаву ці абедзьве нагі, а вось не хапае духу адстрэліць сабе два пальцы. Я перш хацеў выпаліць сабе ў далонь, а потым усё адводзіў і адводзіў сваю руку ад рулі, дык у мяне адарвала толькі кавалачак мякішу. Прасядзеў усяго тыдзень у шпіталі ў Будапэшце, і калі ласка — усё загаілася.

— Што-ж, цябе адразу-ж выправілі з маршавай ротай на фронт? — з цікавасьцю спытаў Швэйк. — Няўжо табе не ўдалося як-небудзь злаўчыцца і застацца ў лазарэце? Кажуць, што маршавыя роты гоняць зараз на фронт так, як зьбіраюць на пагарэлае: «хто хутка дае, дае ўдвая». Або калі футболісты заклікаюць на свае спаборніцтва: «Толькі дзеці ды тыя, хто памірае, ня лічачы нябожчыкаў, могуць заставацца дома!»

Марэк апусьціў долу галаву і апёрся лакцямі аб калены.

— Дый так яно і ёсьць, але ніхто, напэўна, ня ведае, што ў нас робіцца, — азваўся ён. — Гэта-ж такая загадкавая гісторыя, як адзіны бог у трох абліччах. Дзяржава б’ецца з няпрыяцелем, а насельніцтва б’ецца з дзяржавай. Мусіць канец быў-бы дзяржаве, каб не дактары. Усе салдаты, што ня хочуць біцца з няпрыяцелем, б’юцца з дзяржавай. Кожны з іх бяз рукі, або язык адняло, як бомбай ашалушыла, або слых страціў праз выбух, або ўвесь чыста трасецца пасьля контузіі, або кульгае праз раматус, або хворы на ішыяс; сухоты, камені ў нырках, на парок сэрца, або траха што не звар’яцеў праз запаленьне мазгавой абалонкі. А дактары б’юцца з імі на сьмерць, а навука перамагае. Навука, нібы тая простытутка, служыць ня шчасьцю чалавецтва, а ягонаму няшчасьцю. І ўсё гэта — за грошы! Мобілізуюць якога-небудзь доктара — і вось ён зьнішчае пры аглядзе пасьведчаньне аб цяжкай хваробе, што выдаў сам-жа пацыенту да прызыву, і кідае паперку на падлогу са словамі: «Пытаньне, ці хворыя вы, вырашаю цяпер я!»

— Значыцца, дактары і табе падсабілі? — перапыніў Швэйк таварыша, што ўдаўся ў філёзофію. — Напэўна, здорава такі яны табе ўпялі, калі ты на іх так гаворыш?

Марэк у задуменьні паматаў галавою.

— З Будапэшту, дзе я сьцьвярджаў, што не магу кратаць рукой, мяне накіравалі ў Пардубіцэ, каб дактары ў другое агледзелі. А доктар мне кажа: «Вы будзеце там як дома: шпіталь вялікі, есьці даюць добра, дактары — амаль усе чэхі, і вы, на-