Старонка:Svejk.5.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я ўжо трэці дзень тут, Швэйк, — адказаў вольнапісаны Марэк. — Мяне прывезьлі сюды з Паддубна на цягніку, я пяцёра сутак нічога ня еў, апрача некалькіх нясьпелых ігруш.

Швэйк паставіў ранец паміж кален, прыкрыў яго сваім целам, выцягнуў кавалак хлеба і прашаптаў Марэку:

— Еж, толькі памалу, каб ніхто ня бачыў.

Той зьдзеў шапку, накрыў ёй хлеб, лёг на жывот і прытуліўся шчакамі да шапкі. Швэйк зразумеў практычнасьць такога мэтоду і ўхвальна сказаў:

— Хвацка ў цябе гэта выходзіць, дружа! Яно нават лепш, чым калі конь есьць авёс з торбы. Толькі скажы мне, калі ласка, дзе ты дзеў сваё пуза? Быў такі тоўсты, а цяпер зад у цябе, як шыла востры.

І ён падсунуў Марэку яшчэ кавалак хлеба з кілбасой. Праз некалькі хвілін Марэк устаў і прысеў на куртачках. Шапка была так вычышчана, што нават ня прышлося вытрасаць з яе крошкі, і Марэк, з удзячнасьцю гледзячы на Швэйка, разьвязаў свой ранец і сказаў:

— Дружа, ты накарміў галоднага і зрабіў чалавечалюбны ўчынак. Вось паглядзі, у мяне ёсьць яшчэ адна запасная пара апоркаў, а ты босы. Бяры іх, калі ласка! Я даўно мог-бы прадаць іх за дзесяць капеек, але я прадбачыў, што воляй лёсу ў мяне зьявіцца больш добры купец і не памыліўся. Лёс паслаў мне цябе, Швэйк!

— Ды мне вельмі прыемна хадзіць босанож, у мяне ногі не такія ўжо далікатныя, — паспрабаваў адмовіцца Швэйк. — Я ад самой мяжы дайшоў сюды босы.

Але Марэк не сунімаўся, угаворваў яго і выказаў небясьпеку, што яго чаравікі могуць і ўкрасьці, а таму Швэйк, ацаніўшы становішча з пункту погляду нядаўнае «ператрускі» ў Кіеве, зрэшты здаўся і зараз-жа набуў іх на свае ногі.

Скруціўшы сабе і Марэку з газэтнае паперы па цыгарцы, ён закурыў і пачаў распытваць:

— Ты-ж раней быў пад Бродамі? Юрайда, памятую, пайшоў з табой на перавязачны пункт. Якім-жа чынам здарылася, што ты чакаў мяне тут у Расіі?

— Пад Бродамі я сам сябе параніў, — паправіў яго вольнапісаны, — але параніў я сябе няўдала, — куля толькі лёгка зачапіла руку. Чорт яго ведае, што гэта такое: ідзеш у бойку, як