Старонка:Svejk.5.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вайна адсоўвала ад салдат рай з кожным днём усё далей і далей, у той самы час ствараючы ў сваіх нетрах найцяжэйшыя пакуты, за якімі ішло пекла ў Дарніцы.

Ад 80 да 100 чалавек памірала там штодня з голаду і зморы, а бязглуздае, зусім ашалелае вышэйшае начальства накіроўвала туды палонных партыю за партыяй. У тым лясочку было ад 20 да 30 тысяч палонных, і ў названых некалькіх катлох павінна была ўжо гатавацца яда для ўсіх іх.

Калі Швэйк, шукаючы месца, прашываўся праз гэты натоўп, ступаў цераз ляжачых і абыходзіў тых, якія спалі, седзячы (гэта былі людзі, якіх булка хлеба, зваліўшыся з дрэва, больш усхвалявала-б, чым разарваная паміж іх граната), акурат у гэты час падбіралі нябожчыкаў. Іх проста цягнулі за ногі, як нейкую падлу; галовы іх біліся аб карэньні хвой, і Швэйк, зьдзіўлены гэтай карцінай, сказаў расійскаму салдату, што прачышчаў сабе дарогу прыкладам:

— Вось сюды каб паслаць тых графінь, што складаюць таварыства аховы жывёлы ў Празе.

Ён знайшоў, нарэшце, вольнае месца і сеў. Заўважыўшы, што яго ранец з гатовымі лопнуць швамі і вялічэзнай дзіркай выклікаў агульную ўвагу і прыцягваў прагныя і зайздросныя позіркі, ён выцягнуў кавалак хлеба і падаў яго бліжэйшаму суседу. Але ў адну хвіліну за яго ўхапіліся два дзесяткі рук, ушчэнт пакрыўшы яго, і Швэйк пераканаўся, што калі быць міласэрным, дык гэта значыць — галадаваць самому.

Таму за полуднем ён асьцярожна даставаў хлеб з ранцу маленькімі кавалачкамі і клаў іх адзін за адным у рот. Раптам ён інстынктыўна адчуў, што нехта ўпарта глядзіць на яго.

Швэйк павярнуў галаву ў той бок; на пні сядзеў нейкі салдат і, ня зводзячы вачэй, глядзеў на працу Швэйкавых зубоў.

Калі Швэйк павярнуўся да яго тварам, той закрыўся рукой ад сонца і разгублена стаў азірацца, а потым павольна ўстаў, падыйшоўшы да Швэйка і, нахіліўшыся да яго, сказаў:

— У вас ёсьць хлеб і вось якая шчасьлівая прыгода — вы-ж Швэйк, ці праўда?

Той дапытліва паглядзеў на незнаёмага. А потым ускочыў і падаў яму абедзьве рукі.

— Марэк! Вольнапёр! Ты таксама тут, дружа?