Старонка:Svejk.5.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Быў вечар; у вокны арыштоўні глядзелі зоры, а на званіцы аднэй царквы, акурат за кашарамі, зазванілі на вячэрню. На сьценах над нарамі капцелі газавыя лямпачкі з разьбітымі шкламі. Арыштанты зьбіраліся ўсе ў купу, п’ючы чай, і, пачаставаўшы і Швэйка, узяліся гуляць у карты і сьпяваць песьні.

Ніхто не зварачаў больш увагі на Швэйка. Ён схаваў у торбу кавалак сітнага з кілбасой, які яму паклалі на конаўку і які ён ня мог ужо даесьці. Калі арыштаваных пачалі выпускаць «да-ветру» — у прыбіральню выйшаў і Швэйк; там яму далі з сабой сьмярдзючы дрыўляны цабэрак, «парашу», якая ставілася на ноч у арыштоўню. Потым ён прысунуў да высокага вакна нейкую скрынку і ўзьлез на яе.

Дэзэртыры сьпявалі то працяжныя сумныя песьні, то дрындушкі з прыпеўкамі: «офіцэрам усім паёк, а салдатам кіпяток», і Швэйк, ахінаючы іх братэрскім, ласкавым позіркам, сказаў сабе:

— Так, у славян усюды ёсьць браты.

На двары панавала цішыня, такая-ж неабсяжная, як неба, якое распасьцерлася над змрокамі зямлі. У Швэйкаву душу пратачылася журба і смутак, і перад ім, як жывыя, паўсталі яго таварышы па палку: вольнапісаны Марэк, і Балун, і паручнік Лукаш… Ён глыбока ўздыхнуў:

— Залаты мой паручнік, — прашаптаў ён, — ці не заелі цябе без мяне вошы. Адкуль ведаць, які зараз у яго ідыёт дзяншчык!..

Ягоныя думкі пайшлі, дзякуючы гэтаму, у іншым кірунку, і Швэйку прыпомнілася песьня, якую ў іх сьпявалі ў акопах і якая адначасова выяўляла сум і малявала становішча. І вось яго моцны голас уліўся ў хор расійскіх салдатаў:

Я, дзяўчаткі, вам ня пара,
Бо я вырас на папары.
А як будзеш тут прыгожы,
Калі цела точаць вошы.
На іх палюю кожны дзень, —
Мне пра іх і думаць лень.
Як ня чышчу я штаны —
Усё вашывыя яны.
Калі пачуецца „зважай“ —
Мне ад сьвербу хоць канай.
Хто ціха выстаіць, калі
Усе лыткі вошы абгрызьлі.