Старонка:Svejk.5.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

групы, незалежна ад іх ліку, атрымалі па роўнай кучцы, капітан кінуў фэльдфэбелю толькі два словы:

— У арыштоўню!

Потым, з хвіліну памаўчаўшы, у паўголасе дадаў:

— Дай яму па мордзе!

Фэльдфэбель даў Швэйку аплявуху — «такую, што ў мяне іскры з вачэй пасыпаліся», расказваў потым Швэйк, — а два салдаты падхапілі яго пад пашкі і павялі праз двор па доўгім калідоры ў сутарэньне з акутымі жалезам дзьвярыма, за якімі чуўся гучны рогат. Другі фэльдфэбель адчыніў дзьверы, схапіў Швэйка за каўнэр і штуршком нагі ў задніцу піхнуў яго ў сутарэньне.

У сутарэньні панаваў змрок. Швэйка абступіў натоўп расійскіх салдат. Яны з цікавасьцю разглядалі аўстрыйца, які трапіў да іх.

Гэта былі дэзэртыры, затрыманыя ў Кіеве, яны чакалі тут чарговай адпраўкі на фронт. Тым часам яны круцілі цыгаркі ды курылі іх, прапанавалі цыгарку, нібыта індэйцы — люльку згоды, Швэйку і пачалі запытвацца ў яго:

— Завошта цябе пасадзілі? Таксама «лётнік»? З фронту ўцёк, ці што?

— Я пакутую за тое, што не адрокся ад таго, за каго змагаўся, — казаў, уздыхнуўшы, Швэйк.

А расійскія зьняволеныя, не зразумеўшы яго, паблажліва заківалі галовамі.

— Пр-р-р-равільна! Ня трэба змагацца! Прэч вайну! Бі офіцэраў!

Яны пазычылі Швэйку конаўку, налілі яму чаю і пачаставалі яго сітным з кілбасой, просячы яго не сароміцца, а пасьля ачысьцілі яму месца на нарах, каб ён мог паляжаць і адпачнуць.

У той час, як Швэйк прыпамінаў падзеі гэтага дня, калі яго веды ўзбагаціліся словамі «арыштоўня» і «даць па мордзе», і прыходзіў да вынікаў, што быць у гэтай самай арыштоўні зусім ня горш таго, што з ім можа здарыцца, — рэшта палонных узьнялі на двары бойку за хлеб, не чакаючы пакуль унтэр-офіцэры яго разьмяркуюць. Зноў пайшлі ў ход кулакі; людзі азьвярэлі, білі адзін аднаго, намагаючыся ўдарыць як найбалючай, пакуль вартавыя бізунамі не разагналі іх па мясцох.