Старонка:Svejk.5.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

права, кругом»… А яшчэ чулася «На наскі прысядай… паварот галавы на-права… на-лева». Тут-жа адбывалася муштра, «як аддаваць чэсьць».

Палонныя клаліся ў гразь, быццам жабы ў балота, і капітан Кукушкін хмялеў ад свае ўлады, уяўляючы сабе, як гэтыя людзі, каб ён трапіў у іхныя рукі на фронце, выпусьцілі-б яму кішкі, як зайцу, а вось зараз самі мусілі ламацца перад ім, як малпы.

Ён глядзеў на іх, гладзячы свае доўгія вусы, і душа яго нібы купалася ў ружовым масьле. І ўспамінаючы колькі чалавек прайшло ўжо праз ягоныя рукі і колькі яшчэ пройдзе, ён падлічваў, колькі з таго, што ён павінен быў даваць палонным, засталося ў гэтых самых руках. Таму ён радасна падумаў:

— Дзякуй богу, пасьля вайны можна будзе купіць сабе маёнтак на Каўказе, або ў Крыме — там яшчэ лепш.

Салдаты тым часам вынесьлі са складу хлеб, расклалі яго на роўныя кучкі і паставілі каля кожнай па колькі бачкоў. Капітан загадаў перакладчыку запрапанаваць палонным разьмеркавацца па нацыянальнасьцях: немцы, аўстрыйскія немцы, чэхі, сэрбы, італьянцы, русіны, мадзьяры — усе паасобку. Як толькі яны такім чынам сформуюцца, яны атрымаюць хлеб і зацірку і іх разьвядуць на начлег.

Лэпаючы сябе стэкам па халявах, ён падаўся на кухню. У шэрагах палонных пачуліся крыкі унтэр-офіцэраў: Немцы — станоўцеся направа! Чэхі — налева! Вось там, каля студні! Палякі — каля прыбіральні!

Сыны Аўстрыі пачалі зьбірацца да сваіх нацыянальных купак. У чэхаў, палякаў і басьнякоў гэта выклікала радаснае хваляваньне і надзею на паварот да лепшага. Між палонных хадзілі чуткі, нібыта з чэхамі і славянамі абыходзяцца ў Расіі асабліва добра і што на іх глядзяць там не як на ворагаў; і вось, калі іх група адлучылася ад масы і стала ў баку, у іх з новай сілай загарэўся оптымізм.

— Нас, напэўна, будуць лепш карміць, — заўважыў настаўнік.

— Нас пакінуць у Расіі і не адправяць у Сібір, — дадаў вольнапісаны.

— Я заўсёды казаў, што добра быць чэхам, — ухмыльнуўся Швэйк. — Нават адзін наш поэт казаў: «Славяне ўсюды ёсьць браты».