Старонка:Svejk.5.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але тут зьявіўся дзяжурны фэльдфэбель па кухні і павёў адзін разьдзел за адным на абед.

Ён хадзіў ад купы да купы і лічыў палонных па пальцах. Потым вярнуўся і пачаў зноў лічыць, паківаў галавой і тупа паглядзеў у нейкую паперку. Адступіўшы крыху назад, ён няпэўным голасам крыкнуў:

— Дзе тут немцы?

— Тут! — грымнулі яны.

Ён зрабіў знак, каб яны ішлі за ім і далей:

— А чэхі?

— Тут! — грымнулі яшчэ гучней.

Ён паказаў ім рукой на месца за немцамі і, як чэхі занялі яго, спытаў:

— А мадзьяры дзе будуць?

— Эльен! — крыкнула купка гонвэдаў.

Ён паставіў іх за чэхамі, а потым прачытаў у паперцы:

— Палякі?

— Тут! — адказалі палякі і самі сталі за мадзьярамі.

Потым пайшлі сэрбы, круаты, італьянцы і русіны, а калі пляц перад ім апусьцеў, ён з роспаччу ў голасе прашаптаў: «А дзе-ж аўстрыйцы?» і не чакаючы адказу, пабег па капітана Кукушкіна на кухню далажыць яму, што сярод палонных няма ніводнага аўстрыйца.

— Быдла! — сказаў яму капітан. — Як гэта няма? Я-ж бачыў іх на свае вочы! У Аўстрыі жывуць аўстрыйцы і шмат іншых народаў, — пахваліўся ён сваімі ведамі, здабытымі ў юнкерскай школе. — Праўда, раней ніхто пра гэта і ня думаў; усё гэта была адна нямецкая ды аўстрыйская зграя. Але зараз загадана разьмеркаваць палонных па нацыянальнасьцях.

Ён пасьпяшаўся ўсьлед за здэтанаваным фэльдфэбелям, які баяўся, што ў яго бяз сьледу зьніклі аўстрыйцы, і што капітан пашле яго за гэта на фронт.

Капітан Кукушкін спыніўся перад складзеным у кучу хлебам і крыкнуў фэльдфэбелю:

— Ну, лічы, дурань. Вось тут аўстрыйцам, вось чэхам, гэта мадзьярам, тое палякам, а вось там — іншым. Навошта-ж, глупень, я-б загадаў выдаць аўстрыйцам хлеб, каб тут ня было аўстрыйцаў. А калі ўжо я загадаю выдаць хлеб, гэта значыць, што аўстрыйцы ёсьць.