Старонка:Svejk.5.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вольнапісаны адмовіўся; салдат набавіў яшчэ манэту, дастаў з кішэні пачак махоркі і стаў угаворваць аўстрыйца, выцягваючы ўжо з-пад яго шынэль.

— Вось табе за яго трыццаць пяць капеек і пачак махоркі ў прыдачу, табе ён усёроўна не патрэбен, бо ў Сібіры цёпла.

— Што ты тут робіш? — грымнуў на купца другі салдат. — Нельга, нельга! Што-ж ім голым хадзіць, ці што? Ідзі, ідзі адгэтуль!

Тым часам настаўнік выцягнуў з портак папружку,а вартавыя пачалі падводзіць палонных да брамы. Таго, што робілася наперадзе, ня было відаць, і Швэйк з яго падарожнікамі трапілі ў рукі сваіх катаў зусім нечакана, нібы авечкі ў воўчае стада.

Шынэль вольнапісанага кінулі туды, у кучу, а калі гаспадар паскардзіўся офіцэру, што гэта супярэчыць міжнароднаму праву, офіцэр паднёс стэк да самага носу вольнапісанага і прасіпеў:

— Я табе пакажу міжнароднае права, я табе пакажу Жэнеўскую конвэнцыю.

За шынэлем туды-ж трапіла і настаўнікава куртка, а на яе кінулі і швэйкавы боты, зьвязаныя настаўнікавай папружкай, быццам вужакай. А Швэйк, апынуўшыся на двары, дзе гразі было блізка па калены, з тугой сказаў:

— Вось нас і дэзынфіцыравалі. Прынамсі, табе, настаўнік, не давядзецца больш пацець у сваёй целагрэйцы, і так працаваць, палюючы за вошамі, бо твой вучастак скараціўся, а што да мяне, дык, напэўна, баяліся, каб часам я па дарозе ў Сібір не нацёр мазалёў гэтымі ботамі.

— Я асёл, — урачыста сказаў вольнапісаны, — я сапраўды асёл! Чаму я не прадаў шынэль за трыццаць пяць капеек? На гэтыя грошы я мог-бы купіць сабе хоць пару булак.

Настаўнік, трымаючы абедзьвюма рукамі порткі, якія зьяжджалі ў яго, утупіўся позіркам у гразь, якая даходзіла яму да лытак ды залівала і чаравікі і са скаргаю праказаў:

— Хто-б мог уявіць сабе гэткае прыйме ў брацкай Расіі? Далібог калі-б я быў зараз дома і пачуў, што доктар Крамарж кажа, нібыта ўсе славяне ўваходзяць у адну сям’ю, і расійцы — нашы браты, я падыйшоў-бы да яго і даў-бы яму добрую поўху за гэта.

Гэтыя дэбаты аб панславізьме скончыў Швэйк, дастаючы з нагі кавалак шкла, наступным афарызмам: