Старонка:Svejk.5.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нэлі, нагавіцы, грабяні, кавалкі мыла, абмоткі, сьцізорыкі, мазь ад вошай, брытвы, гадзіньнікі і парожнія або поўныя портманэты; туды-ж трапілі і боты, якія адзін босы салдат, намуляўшы сабе ногі, нёс перакінутыя цераз плячо, а аб боты бразнула алюміневая лыжка, якая была, як відаць, небясьпечнай для Расійскай дзяржавы зброяй у руках палоннага.

Пры гэтай мэханіцы быў прысутны офіцэр, які стаяў у кутку ля варот, сьцёбаючы стэкам па сваіх высокіх лякіраваных ботах і добрадушна пазіраючы, як палонныя чухаліся і з тугою глядзелі ўсьлед сваім рэчам, адбіраным у іх. А калі той ці іншы адмаўляўся аддаваць кашулю, грабянец, ці гадзіньнік і нямецкай моваю спасылаўся на Жэнеўскую конвэнцыю міжнароднага права, у справу ўтыкаўся офіцэр.

Ён біў непаслухмянага стэкам некалькі разоў па галаве, ці па сьпіне, або кулаком пад рэбры, так што палонны адлятаў да брамы, тым часам, як офіцэр з нязьменна-прыемнай усьмешкай супакойліва дадаваў:

— Дармо, Дармо! У Сібіры ўсё новенькае выдадуць. У вас нашых у плугі, мабыць, запрагаюць? А мы з вамі тут цацкаемся, сьцервы!

За партыяй, з якой прыбыў Швэйк, падыйшла другая, якую акурат праганялі ў браму; перад кашарамі стаяў вялічэзны натоўп палонных, і таму прайшло ня мала часу, пакуль іх усіх прапусьцілі.

Каб лепш выкарыстаць час, настаўнік зьдзеў з сябе куртку і пачаў у ёй шукаць вошы. Пасьля паклаў яе ў ранец і толькі-толькі ладзіўся зьдзець з сябе і кашулю, як вольнапісаны, выпрастаўшыся на шыналю, сказаў яму:

— Слухайце, гэта зусім лішняе, глядзеце, які там на двары дым ідзе. Мабыць нас там пакупаюць і зробяць дэзынфэкцыю нашай бялізны і вопраткі. Мабыць, нас павядуць адгэтуль далей і баяцца разьнесьці вошы і ўсякую заразу.

— Добра, я пакіну вошы ў кашулі — няхай згараць, — вырашыў настаўнік. — Але папружку трэба выцягнуць, каб яна не загінула.

У гэты момант да вольнапісанага падыйшоў салдат бяз зброі. Ён абмацаў яго шынэль і паказаў нейкую срэбную манэту.

— Прадай шынэль, усёроўна яго ў цябе адбяруць, а я табе за яго даю дзьве грыўні.