Старонка:Svejk.5.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На другія суткі іх узбудзілі сярод начы і пагналі ў Кіеў, «колыбель владычицы Украины».

Ніколі ў жыцьці ня бачыў Швэйк такога вялікага гораду: ад сямі гадзін раніцы да трох гадзін дню ішлі яны пад пільным наглядам варты па вуліцах, і ўсё-ж ня відаць было канца гэтым вуліцам. Дамы і домікі расцягнуліся бясконца доўгай чарадою, і перакрыжаваньняў вуліц нельга было зьлічыць.

З панэляў глядзелі на палонных, якія ішлі пасярод вуліцы, вялічэзныя натоўпы людзей і ўсюды чуліся радасныя крыкі: «Вось, колькі іх нашы зноў забралі!» На гэта поліцэйскія, што ішлі поруч з вартай для лепшага падтрыманьня парадку, адказвалі: «Гэта яшчэ мала! Хутка і ўся вайна скончыцца».

Калі палонныя ўжо дзівавалі з палёў, лугоў, ды садоў у гэтай краіне, дык яны зусім зьбянтэжыліся, як убачылі грандыёзную веліч Кіева. Праўда, той-сёй лічыў, што мае хоць невялікія веды па географіі Расіі, а таму каля 11-й гадзіны настаўнік крыкнуў:

— Тут нешта ня тое! Мы-ж зараз у Кіеве, у якім насельніцтва менш, чым паўмільёну, а за той час, як мы тут ходзім, можна было-б абыйсьці ўвесь Лёндан з яго шасьцімільённым насельніцтвам. Ці мо’ тут толькі адна вуліца?

— Не, па гэтай вуліцы мы як-ні-як адзін раз ужо праходзілі, — абазваўся хтосьці за ім. — Я пазнаў яе па дому, дзе побач з расійскім магазынам, ёсьць і француская шыльда.

— А можа гэта толькі філіяльнае аддзяленьне ў другім квартале? — сказаў вольнапісаны, паглядзеўшы назад.

Але ў адказ пачулася рашучае і ўпэўненае:

— Не, не, гэта той-жа самы дом і той самы магазын.

— Браточкі, — утыкнуўся ў гутарку Швэйк, — мы ўжо пяць разоў перасякалі плошчу, пасярод якой стаіць вось той помнік і кожны раз мы ўзыходзілі на яе з другога боку і з другой вуліцы; там іншыя магазыны, іншыя шыльды, але помнік усё той самы. Так нас яшчэ доўга будуць вадзіць на паказ. Браточкі, намі проста выхваляюцца!

У Швэйкавых словах была захавана глыбокая праўда, бо справа была пастаўлена сапраўды так, як ён казаў. Дзеля таго, што расійская армія была разьбіта на фронце, галоўны генэральны штаб імкнуўся супакоіць усхваляванае расійскае гра-