Старонка:Svejk.5.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

царыі, у францускім пансіёне… Вячэраць я параіла-б табе ў готэлі, Франц, бо ў нас ежа вельмі простая; а калі ты маеш перабыць тут колькі дзён, дык пакінь там за сабой нумар і запрасі да сябе майго мужа, бо яму прыемна будзе пахваліцца, што ў яго ёсьць швагра, які плоціць за яго ў рэсторане». Такім чынам профэсар апынуўся у той самы вечар у Празе і цэлы месяц хадзіў у больніцу лячыць вочы, бо як ён ехаў на цягніку, вецер дзьмуў яму ў твар, а ён плакаў і ў яго зрабілася запаленьне рагавой абалонкі.

Швэйк падыйшоў да хаты, дзе за акном паказаўся ружовы твар рослай маладзіцы; яна з жахам глядзела на людзкую патоку, што ўлівалася на рынкавы пляц. Швэйк кіўнуў маладзіцы, нібы старой знаёмай, і, зварачаючыся да сваіх таварышоў, апавядаў далей:

— А бондара Копршыву, у якога было ў Празе пяць замужных дачок, вы зналі? Дык вось, ён ніколі, едучы ў Прагу, не начаваў там, бо ў яго ня было там месца, дзе ён мог-бы спыніцца. Жонка яму, іншы раз, пачне напамінаць, дзе якая дачка жыве і які ў якой мужык, і на колькі пакояў мае кватэру, а ён заўсёды кажа: едзь, маці, сама, бо калі я туды прыяжджаю, усё ідзе дагары нагамі. Я, напрыклад, пакіну мяшок за дзьвярыма, пазваню, дачка выйдзе, але не падумае запрасіць мяне да сябе, а кажа: «Тата, лепш было-б вам ісьці начаваць у Франзі, пакуль уваходныя дзьверы не зачынены; у нас зусім нельга, бо я ўсе фіранкі і шторы зьняла». Ну, я разьвітаюся з ёй, вазьмуся за мяшок, а яна пачне разважаць: «Пачакайце, тата, можа як-небудзь зробім». І тут яна хапае ўжо мяшок ды мацае колькі там масла, колькі яек, або які кавалак сала, або колькі кілбас, і толькі тады цалуе мяне і кажа: «Уваходзьце, уваходзьце, тата! Як я рада, што вы прыехалі да мяне. Як жыве мама? Чаму яна пасылае так мала яек? Хіба куры дрэнна нясуцца? А мама здарова?..».

Пры гэтым Швэйк паказаў на вакно другой хаты, праз якое відаць было, як сядзіць за абедам колёніцкая сям’я; дзьверы і брама гэтай хаты былі шчыльна зачынены.

У Кіеў палонныя прыйшлі ў нядзелю раніцой. Ужо тут яны адпачывалі цэлыя суткі ў вялікім сяле пад горадам, дзе спусьцілі сваю апошнюю маемасьць, ўсё, што толькі можна было зьняць і без чаго можна было абыйсьціся.