Старонка:Svejk.5.pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

3

У КІЕВЕ

У дні нашай маладосьці ў нас былі хрэстоматыі з цудоўнымі апавяданьнямі пра нейкага караля, які разьбіў і разагнаў армію дванаццацёх іншых каралёў, захапіў гэтых каралёў у палон і запрог іх у сваю трыумфальную калясьніцу замест коняй.

І трапілася так, што адзін з гэтых палонных і запрэжаных у калясьніцу каралёў, выцягваючы пастронкі, упарта глядзеў на колы і бесьперастанку пераказваў: «Кола круціцца наўкола, кола круціцца наўкола». Гэта гаварыў ён так упарта, што кароль-пераможца заўважыў яго і загадаў спыніцца ды даведацца, што гэтыя словы азначаюць.

Тады запрэжаны кароль адказаў:

— Кола круціцца наўкола, і сьпіца, якая толькі вось была наверсе, апускаецца, а тая, якая была ўнізе, узьнімаецца ўгару. І таксама зьмяняецца чалавечы лёс. Раней нас вазілі на сабе нашыя слугі, а зараз, о, вялікі кароль, мы вязем цябе!

Каралю-назіральніку гэтая філёзофія так спадабалася, што ён пасадзіў свайго палоннага пры сабе на калясьніцу, каб яму ня трэ’ было ісьці пехатой. Але пасьля гэтага той перастаў быць філёзофам, бо цяпер калясьніцу везьлі толькі адзінаццаць каралёў, для якіх цяжар павялічыўся, таму што дванаццаты выявіў «жыцьцёвую мудрасьць».

Да гонару Швэйка мусім адзначыць, што ён ні ў якім становішчы не выяўляў такой подласьці, нават тады, калі за трохдзенны пераход ад Брод у Кіеў ім амаль не давалі есьці, калі яны прыставалі ад смагі на пыльных шляхох, або змокшы пад дажджом да ніткі, ляскалі зубамі ад холаду. Швэйк нязьменна заставаўся «ўдалым» ваякам, падбадзёрваючы сябе ды іншых: