Старонка:Svejk.5.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ляжала на сваёй пасьцілцы і мудра жавала жвачку, і пачаў мазаць ім коламазь на боты.

Карова азірнулася на яго разумнымі прыгожымі вачыма, каб даведацца, што за нязвыклая мэханіка робіцца з яе хвастом, і Швэйк палічыў за патрэбнае папрасіць прабачэньня ў яе.

— Ня злуйся, рабая, — сказаў ён. — Адна з тваіх сясьцёр вінавата ў тым, што я згубіў усе свае пажыткі; дык дазволь мне крышку пакарыстаць з твае далікатнасьці, бо мне прыходзіцца быць вынаходцам, як Робінзону Крузо. Таму што, любая ты мая каровачка, за час вайны тэхніка вельмі ўдасканалілася, і як я вярнуся дадому, дык падам заяву ў Міністэрства Народнай Асьветы, што за карысьць бывае ад каровы, каб паправілі падручнікі, а сваю вынаходку я надрукую ў часопісі «Вынаходзтва і прогрэс» або ў «Новай эпосе».

Калі транспорт палонных рушыўся далей, Швэйка праводзіла ўся старастава сям’я; усе з глыбокай павагай глядзелі на яго люльку, набітую даронай табакай, якая выкідала з сябе такія клубы едкага дыму, ажно старасьціха зазначыла: вось дыміць, што той самавар.

Потым яны разьвіталіся. Стараста па звычаю пацалаваў Швэйка, патрос яго за руку, шчыра пажадаў яму шчасьлівай дарогі і прасіў, каб ён наведаў іх, як будзе варочацца ў Аўстрыю.

Калі Швэйк убачыў чулыя адносіны да яго з боку старасты і заўважыў, як яго жонка выцірала сьлёзы, ён таксама шчыра адказаў пацалункам і таксама выцер вочы.

— Вось-жа ёсьць добрыя людзі, — сказаў сам сабе Швэйк. — А ты, браце, ледзь не зрабіўся нягоднікам, такім нягоднікам, як адзін Кладзіўка з Вінаград, які заўсёды даваў У «Політыцы» шлюбныя абвесткі, а потым трапіў пад суд за многажонства.

Стараста выцер сабе вочы рукавом і сказаў:

— Так, так. Добрых спраў нарабіла вайна.

— А да Кіева яшчэ далёка? — Спытаў пад канец Швэйк.

Стараста з хвіліну падумаў.

— Не, цяпер ужо недалёка будзе — вёрст трыста, ня больш.

Швэйк глядзеў на бясконцую даль, а з вуснаў яго вырваліся словы:

— Будзем спадзявацца, што там ужо мора і што я знайду там антыподаў.