Старонка:Svejk.5.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хлеба і сахарыны ў яго аж залішне і казаў мне пераначаваць у вас. Ён гаварыў: — Бацька добры, маці — добрая, кланяйся ім ад мяне, і няхай яны цябе накормяць абедам і вячэрай».

Стараста схапіў Швэйка за руку, пагладзіў яго па шчацэ, палэпаў па плячы і сказаў:

— Добры ўдалы ваяка, ну ідзі да нас, накормім мы цябе.

Такім чынам Швэйк прыняў удзел у сямейнай вячэры, за якой ён зьеў амаль цэлую курыцу, таму што ні стараста, ні хто-небудзь з дзяцей ня елі, а толькі глядзелі на «ўдалага» ваяку Швэйка; і стараста сам завёў яго, як ён пачаў драмаць ад сыці і асалоды, у пуню, дзе старасьціха на сьвежае сена паклала нават падушку.

Калі стараста палез на ляжанку, дык кладучы пад голаў боты, сказаў:

— Вось бачыце, аўстрыец — вораг, а прыемны, адукаваны чалавек. Здаецца, ён умее нават і чытаць і пісаць.

А жонка спрасоньня адказала:

— Такі далікатны чалавек, і з нашым Іванам на фронце гаварыў. Тры разы я за абодвух сёньня памалілася ўжо, дай ім бог здароўя.

Тым часам Швэйк распрануўся на сене, як маці нарадзіла, заўважыўшы, што апрача кароў каля ясьляў стаялі і коні, ён аднёс туды ўсю сваю вопратку і паклаў яе на конскіх сьпінах, каб вошы, якія не церпяць конскага паху і цеплі, павылазілі з яго адзеньня.

Ён заснуў зусім шчасьлівы, бо яго нічога ня кусала, а раніцой успомніў, што яму сьнілася, нібы з кожнага боку ў яго стаяла па крылатым анёлу, якія ганялі ад яго мух сваімі крыльлямі.

Ён апрануў «абязвошанае» адзеньне і выйшаў на двор памыцца каля калодзежу. Каля адных калёсаў ён заўважыў скрынку коламазі. Вымыўшы брудныя, зьбітыя ногі, ён успомніў пра свае залубянелыя, пакарабачаныя боты і падумаў, што яны будуць мякчэўшыя, калі іх памазаць коламазьзю. Ён узяў скрынку і пайшоў з ёю ў хлеў. Але калі ён пачаў шукаць шчотку для выкананьня свайго пляну, яму давялося расчаравацца: нідзе ня было ані шчоткі, ані чаго-небудзь падобнага, каб замяніць яе.

І вось паглядзеўшы навокал, чым-бы яму змазаць свой абутак, Швэйк раптам нагнуўся, ухапіў у каровы хвост, якая ціха