Старонка:Svejk.5.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кодэксу аб крадзежы? А артыкул 173 таго-ж самага кодэксу аб крадзежы з узломам? За іх даецца ад 6 месяцаў да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

— Не, я і гэтага глупства ня ведаю, — таксама бязьвінна адказаў Швэйк. — Я адно ведаю, што мне страшэнна хочацца есьці і што там за сьцяной ёсьць смачная яда.

Настаўнік выцягнуў трэцюю стрэмку з носу і з глыбокім уздыхам, які вырваўся з глыбіні душы, кінуўся на сваю саламяную пасьцелю. Вольнапісаны растлумачыў Швэйку яшчэ ці мала праўных паняцьцяў ды законаў сярэднявечча і найшоўшага часу, а затым па прыкладзе настаўніка скончыў сваю лекцыю словамі:

— На праве ўласнасьці трымаецца ўсё чалавечае грамадзтва: яно ёсьць аснова чалавечай культуры і добрабыту.

Швэйк маўчаў, адданы сваім уласным разважаньням, а вольнапісаны быў рад, што знайшоў чалавека, якога мог ашчасьлівіць сваімі ведамі, і хутка заснуў, сплятаючы свой хропат з сапеньнем настаўніка ў сымфонію больш няпрыемных, чым пяшчотных гукаў.

Тады Швэйк заварушыўся. Адсунуўшы ў бок салому, ціханька вылез і падыйшоў да хаты. Яна была замкнута: замок, які вісеў на ёй, паказваў, што яе гаспадары не варочаліся. Швэйк так-жа ціха вярнуўся ў пуню, стаў каля сьцяны і на калены, выняў з кішэні нож і некалькі разоў капануў ім гліняную падлогу, адкідаючы гліну рукамі, каб залезьці пад сьцяну. Ён зрабіў гэта некалькі разоў, а пасьля прасунуў правую руку ў дзірку — рука вольна выйшла на другі бок. У хаце, таксама як і ў пуні, была не дашчаная падлога, а гліняная.

— Пасьля такой вынаходкі Швэйк шчыра ўзяўся капаць: пот ручаямі плыў з яго. Праз гадзіну ён ужо здолеў прасунуць у дзірку галаву, а яшчэ праз гадзіну ён і ўвесь пралез туды і апынуўся ў хаце.

Разам з ім праскочыў туды і промень месяца, апоэтызаваны настаўнікам, і асьвятліў цёмнае памяшканьне з усімі скарбамі, якія знаходзіліся там.

Іх было ня лішне ўжо многа: тры булкі хлеба, мяшок мукі, кавалак сала, дзьве вараныя кілбасы і вясла вэнджаных кілбас.

Швэйк, доўга ня думаючы, узяўся ўкладваць усё гэта ў ранец. У кутку ён знайшоў яшчэ два кавалкі масла і гаршчок кашы.