Старонка:Svejk.5.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Мне так хочацца зьесьці вэнджанай грудзінкі з гарохам, што ў мяне, таварышы, нават галюцынацыя робіцца — адчуваю, што тут пахне вэнджаным.

Вольнапісаны ўздыхнуў, а настаўнік пачаў гаварыць аб мане пачуцьцяў, з прычыны саманамовы і аб самаўзьнікненьні міражоў ды непраўдзівых уражаньняў пад уплывам моцнага жаданьня. Швэйк лёг на зямлю, і чутна было, як ён соп і са сьвістам уцягваў носам паветра. Абнюхаўшы сьцяну за сабой, ён раптам рашуча заявіў:

— Браточкі, ніякіх у мяне няма галюцынацый, ніякага падману пачуцьцяў У выніку саманамовы. Анутку, панюхайце самі. За гэтай сьцяной ёсьць нешта вэнджанае.

Абодвы яго таварышы падыйшлі і ўткнуліся насамі ў шчыліну, нюхаючы, як добрыя паляўнічыя сабакі. Нарэшце вольнапісаны ўпэўнена крыкнуў:

— Дальбог, там вэнджанае! Мабыць, грудзінка або вяндліна.

Настаўнік так глыбока ўсунуў нос у шчыліну, што нават застраміў яго. Калоцячыся ўсім целам ад хваляваньня, ён з тугой уздыхнуў:

— Вось, каб цяпер мышкай ды дабрацца да яе! Або лепш променем месяца, які лунае ў вакне…

— Нават ня трэба быць лунатыкам, — паправіў яго Швэйк, — а добры чалавек дабярэцца туды і ня мышаю.

— Але калі-б не існавала фізычных законаў! — пакрыўджана абазваўся настаўнік. — Хіба вы ня ведаеце аб непралазнасьці цьвёрдых цел?

— Ня ведаю, — самаздаволена адказаў Швэйк. — Такія глупствы мяне ніколі ня цікавілі. Але я ведаю, што тут побач вісіць нешта вэнджанае і што трэба прымудраваць або прыдумаць такі фізычны закон, каб яно трапіла да нас або мы да яго.

— Дык нават, каб ня было непралазнасьці сьцяны, якая адгароджвае нас ад гэтай прынады, усё-ж яе вартуюць ад нашых замахаў закон і права ўласнасьці, — зазначыў вольнапісаны. — Я студэнт-юрыст 3-га курсу і добра ведаю, што трэба паважаць чужую маемасьць: аб яе недатыкальнасьці гаворыць нават рымскае права. Вам вядомы артыкул 171 крымінальнага