Старонка:Svejk.5.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ён — хлоп! — апалонікам мяне па галаве. Тут акурат праходзіў побач адзін расійскі фэльдфэбэль, такі барадаты, у акулярах і кажа: «Дай яму, ён з нашых, з праваслаўных». Гэта я добра зразумеў, браточкі, бачыце, як я разумею ўжо расійскую мову. Кашавар мне наліў другую порцыю, ды яшчэ даў у прыдачу кавалак мяса. Тады я пайшоў да другога катла, дзе раздавалі кашу расійскім салдатам, выставіў манерку ды кажу кашавару: «Дай, браток, я з вашых, праваслаўных». Ну, ён зараз-жа зьняў покрыўку і даў мне поўную манерку кашы. Іду далей да салдатаў, паказваю на хлеб і кажу: «Я праваслаўны». Яны мне набілі ўсе кішэні хлебам. А потым бачу я — стаіць там такі маладзенькі салдацік і дае ўсім па цыгарцы. Я прашыўся праз натоўп да яго і кажу: «Дай мне цыгарку, я праваслаўны». Ён на мяне паглядзеў, скрывіў рот і кажа: «Ня дуры галавы і ня чмуці — на гэта ты з морды не падыходзіш. Як ты можаш быць праваслаўным, калі ты з Вршовіц?»

— Браточкі, — казаў далей Швэйк — гэты раійскі салдат гаворыць на такой чыстай расійскай мове, што я зразумеў кожнае яго слова, а ён маё. Я яму кажу: «Я зусім ня з Вршовіц, я толькі з Прагі», а ён мне ў адказ: «Ну, а ў час мобілізацыі ты-ж быў на стралецкай высьпе, дурная твая галава?» Трэба ведаць, братцы, што расійская мова, калі на ёй гаворыць інтэлігентны чалавек, такая чыстая мова, што я адразу ўспомніў пана Клафача, які гаварыў у парляманце, што кожны чэскі інтэлігент можа лёгка размаўляць з расійскім інтэлігентам. І вось у іх аказалася такая інформацыя пра нас, што ён нават ведаў, у якой піўной ёсьць Папавіцкае піва, а ў якой Сьміхоўскае. Нарэшце ён даў мне дзьве цыгаркі і кажа: «На табе, найміт Вены, Бэрліну і Рыму!» А я протэстую: «Які такі я найміт? — Я ваяка майго старога монарха і буду ваяваць за яго, пакуль мяне не разарвуць на кавалкі!» Тады ён зноў засьмяяўся. Ды ты, кажа, здаецца, зусім ідыёт. У цябе часамі ці не казённы бот заместа галавы? Толькі ты тут, даражэнькі, ня вельмі фанабэрся, бо ўраз па мордзе сабе зловіш, не на таго натрапіў. Зараз ты, брат, у Расіі ўсе свае гэтыя жарты кінь». І зноў ён ўсё гэта так выразна сказаў, нібы па-чэску. Вось да чаго падобна расійская мова на чэскую, калі ён гэтай мовай добра гаворыць. Бо сказаў-жа ён мне нават, што я па мордзе сабе злаўлю. Мне самому гэта здалося ня звыклым, але мовы бываюць такія па-