Старонка:Svejk.5.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

руках была прасяная каша, пачуліся крыкі: «Ціп-ціп-ціп» і звонкія сьпевы пеўня.

Вартавыя зьбягаліся і ўжо былі наддалі сабе грознага выгляду, лічачы гэта за зьдзекі з іх: але хутка зразумелі, што палонныя толькі забаўляліся, калі, набраўшы ў рот кашы, звалі: «Ціп-ціп-ціп».

Потым прышоў офіцэр, пагаварыў з унтэр-офіцэрам па-нямецку, і вартавыя пачалі заганяць палонных у баракі, абвясьціўшы, што можна спакойна адпачываць да раніцы.

Падвечар зноў павялі іх да кухні, і пасьля заціркі кожны атрымаў па тры кавалкі цукру. Швэйк заснуў у гэты дзень з перакананьнем, што бог ня будзе яго бязупынна караць за здраду свайму імпэратару, а конаўка рэдкага чаю так яго сагрэла, што ён гледзячы праз напаўзаплюшчаныя павекі ў цемру барака, які гудзеў ад рознагалоснага хропу, быццам лесапільны завод, цішком засьпяваў песьню з прыпевам: «чура, чумчура я», мэлёдыя якой потым раскацілася па ўсёй Расіі.

І канчаючы куплет, ён так дасканала крыкнуў «ку-ку», што настаўнік узьняў галаву і са сну прамармытаў:

— Марыська, пацалуй мяне яшчэ разок і загадай зязюлі, праз колькі год мы пажэнімся і колькі ў нас будзе дзяцей. Я-ж цябе так кахаю, Марыська, так кахаю і не прасіў-бы ў цябе вяночка, калі-б не кахаў цябе так шчыра…

Але тут капрал, якому ўвесь дзень дакучалі газы ў жываце, перарваў яго пяшчотныя словы страшэнным трэскам, быццам ударыў пярун.

А Швэйк, усхвалёваны новымі ўражаньнямі, яшчэ раз устаў і сказаў замілавана, пяшчотна і мякка:

— Панове, заткнецеся абодва, я спаць хочу!


*

Этапны пункт у Палонным надоўга застаўся ў памяці ў Швэйка — ён любіў апавядаць пра новыя вынаходзтвы, якія ён там зрабіў, і як яму там жылося.

— Вы сабе падумайце, браточкі, — апавядаў ён, — што іду я раніцой зноў па зацірку. Ну, мы яе зьелі, а дзеля таго, што нам яшчэ хацелася есьці, я пайшоў па другую порцыю, але кашавар пазнаў мяне і гоніць прэч. А калі я не захацеў адыйсьці,