Старонка:Svejk.5.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Зацірка зьнікла бяз сьледу; за ёй пайшло мяса; ад хлеба не засталося ні драбочка. Палонныя млява сядзелі на зямлі, зусім шчасьлівыя, іхныя вочы радасна гарэлі на брудных тварах, яны чакалі, што будзе далей. Сахара, здавалася вярблюдам, была пройдзена ўжо, і яны спадзяваліся цяпер добра адпачыць пад пальмамі. Да палонных падселі расійскія салдаты, што вярталіся пасьля абеду, які ім далі з іншае кухні. У іх у руках былі маленькія бачкі з ежай: яны завялі гутарку з палоннымі і шырока, дурнавата і добрадушна ўхмыляліся, вытрасаючы ежу з сваіх бачкоў у выстаўленыя далоні.

— Еж, еж, на здароўе!

Швэйк таксама пусьціўся ў гутарку з ворагам свайго імпэратара і гаварыў пра тое, ці сьвеціць у Аўстрыі тое самае сонца і якая там зямля.

Яны не разумелі адзін аднаго і былі абодва рады, калі салдат знакамі запрапанаваў Швэйку выставіць руку, перавярнуў бачок угару дном, паляпаў рукой па дне, каб усё адтуль вывалілася, і зьнік.

— Ф’ююю! — сьвіснуў Швэйк, якому гарачы падарунак абпальваў рукі. Ён падзьмуў на іх і пачаў разглядаць тое, што яму далі і што таксама было для яго загадкай.

Маленькія, кругленькія зерняткі сьветлажоўтага колеру ліплі адна да аднаго, а між імі прыгожа выглядала ялавічая скварка.

— Зноў нешта таемнае, — сказаў Швэйк капралу, — чым мы можам атруціцца. Шмат яны не даюць, а тое што яны даюць усё нейкае глупства. Шо гэта такое? Кураць яго, ці ядуць, ці спачатку яго трэба зварыць, ці наогул што з ім робяць?

— Езус-Марыя! — узрушана крыкнуў настаўнік, якога раніцой выкупалі ў саджалцы. — Гэтым-жа ў нас кормяць курэй! Слухайце, панове, гэта проса! Гэта, мабыць, ім давалі прасяную кашу на абед.

У суседнім дзесятку, дзе расійцы таксама пачаставалі палонных кашай, нехта раптам стаў крычаць: «Ціп-ціп-ціп-ціп-ціп-ціп», як склікаюць куранят, а Швэйк адказаў гучным «кукарэку».

Вольнапісаны пачаў бегаць вакол з апушчанымі рукамі, удаючы з сябе пеўня, які робіць бессаромныя прапановы маладой курачцы і хоча быць харобным ды прывабным, як малады паручык пад час балю. І раптам адсюль, дзе на плошцы або ў