Старонка:Svejk.5.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

хлеба, чаю і цукру, найгаладнейшыя пабеглі ўперад, як вярблюды ў Сахары, адчуўшы пасьля доўгага пераходу па бязводнай пустыні, блізкасьць оазісу.

Вартавыя вельмі хутка зразумелі, якая таемная сіла была захована ў гэтых словах, і лячылі імі ўсё. Калі пачалі выяўляцца вынікі ад зьедзеных гнілых сьліў і зялёных яблык, і палонныя, крэкчучы і стогнучы ад шалёнага болю, адставалі абапал дарогі, вартавыя ня білі іх больш папружкамі, а, спыняючыся каля хворага, рабілі ласкавы, спакусны твар і ўрачыста гаварылі:

— Ну, пайшоў, пайшоў! Да Палоннага ўжо недалёка, а там дадуць па тры фунты хлеба і па фунце мяса. Там начальства добрае, нават кашы вам дадуць і нават доктар там ёсьць.

Пад поўдзень яны прыйшлі ў Палоннае, дзе іх чакаў другі канвой. Транспорт падзялілі на некалькі партый і разьвялі па розных садох, дзе стаялі ўжо паходныя кухні.

Нейкі штаб-офіцэр хадзіў ад аднае да другой, назіраючы за раздачай палонным абедаў і хлеба. Пісулька, паданая фэльдфэбелем, зрабіла вялічэзны цуд, і калі Швэйк убачыў, як пад адкрытым брэзэнтам паказаліся цэлыя горы хлеба, а потым пачалі лічыць гэтыя вялічэзныя булкі, ён задаволеным тонам сказаў:

— Добры чалавек, і добрага задаў ім пэнту!..

Потым прыйшоў узводны і разьбіў палонных на групы па дзесяць чалавек. За ім салдат даў аднаму з кожнага дзесятку іржавую брудную манерку і напісаў на сьпінах палонных, якім яна прыпала, крэйдай лічбы 1, 2, 3, 4 і г. д. Ён загадаў ім выступіць уперад, выстраіў іх у рад і запрапанаваў рэшце палонных запомніць, да якога нумару належыць іхны дзесятак, пасьля чаго ён павёў нумараваных да бараку, дзе кашавары мяшалі страву вялічэзнымі чарпакамі ў вялічэзных катлох.

Такім чынам Швэйк, у якога на сьпіне красаваўся нумар тры, прынёс свайму дзесятку поліўку, тым часам, капрал дзяліў на дзесяць чалавек хлеб і мяса.

Дзесяць чалавек селі вакол манеркі, і ў бліжэйшыя пяць хвілін ня чутна было нічога іншага, апроч чвяканьня ды стукату лыжак і зубоў. Зацірка была вельмі гарачая, але ніхто не запрапанаваў даць ёй крышку прастыць. Сківіцы працавалі так, быццам людзі ўзяліся за зьдзельную работу.