Старонка:Svejk.5.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён разгарнуў цэлы поэтычны і лірычны малюнак гэтай ідыліі цялячай смажанкі са сьвежай крапівай, і пасьля кожнага яго слова ў палонных, якія жавалі лебяду, сьліна цякла па барадзе, пакуль у іх ад вялічэзнага апэтыту не паказаліся бурбалкі на вуснах. Тады адзін палонны ўстаў, падышоў да ўсхваляванага вольнапісанага, і са словамі: «Не, гэтага ня можна вытрываць», кінуў яго ў сажалку. Іншыя зрабілі тое самае з настаўнікам.

Калі на рыначным пляцу зьявіліся кабеты, каб знайсьці ў палонных рэчы, вартыя абмену, палонныя пачалі аддаваць шатры і запасныя зьмены бялізны. Некаторыя зусім змучаныя голадам, прадавалі з сябе кашулі, тут-жа на месцы зьдзяваючы іх і аддаючы кабетам за кавалак хлеба.

А калі і гэтыя кавалкі паелі, а голад усё яшчэ не прагналі, запанаваў прынцып: «згінуў паркан, гінь і ўвесь сад!» І скінуўшы порткі, яны ў адных сподніках сталі перад кабетамі.

— Споднікі, карашо! Купляеш, старая? Даёш хлеба за іх?

І як толькі кабета аддавала за іх лусту хлеба, яны скідалі перад ёй споднікі, а калі баба нездаволена заўважвала, што яны падраныя ў кроку, палонныя падштурхоўвалі адзін аднаго і хітра пасьмейваліся:

— Гэта ты можаш залапіць, а вошы ў іх абвары варам. І так ужо мяне абабрала.

Ахвота таргавацца і прадаваць расла.

Адзін аддаў за булку хлеба шынэль, другі таргаваўся за боты, якія ён толькі вось зьняў, запаўняючы, што ў Расіі, дзе ўсё толькі роўныя мясцовасьці ды пяскі, значна лепш хадзіць босаму. Але перш, чым управіўся ён старгавацца, зьявіліся расійскія салдаты, якія з крыкам: «Нельга, нельга!» пачалі лупцаваць папружкамі і палонных, і кабет.

З клеці вылез і Швэйк. Ён разагрэў рэшткі сваёй вячэры, сумленна падзяліўся з капралам, які ў сваю чаргу даў яму частку грошай, здабытыя за шлюбны пярсьцёнак, і акурат узыходзіў на пагорак, калі салдаты пачалі зганяць палонных у адну кучу.

— Ну, уперад, уперад, хлопцы! У Палонным будзе вам абед.

І палонныя накіраваліся ў той рай, дзе зацірка азначала вышэйшую асалоду, як гурыя на отоманцы ў магамэтавым раі. А калі вартавыя сказалі, што там, бадай што, дадуць ім мяса,