Старонка:Svejk.5.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён доўга імкнуўся вырашыць гэтае пытаньне, але дарэмна. Не знайшоўшы належнага вырашэньня гэтай проблемы, ён штурхнуў капрала, які хроп і соп побач з ім:

— Слухай, што раней было: яйцо, ці курыца?

— Хррр, — плыло з барады соннага, і Шваэйк, ня ўбачыўшы ў гэтым нележнага адказу, павярнуўся на бок і заснуў. Яму прысьнілася, што ён на нейкім банкеце, на якім былі прысутныя адны толькі чыста вымытыя сьвіньні, у фраках, крухмальных кашулях і ордэнах, і што самая вялікая сьвіньня агаласіла тост у гонар ўсіх монархаў, якія ваююць, і сказала, што весьці вайну — вялікая заслуга, а потым закончыла: — раней людзі елі нас, а цяпер яны ядуць з намі. Вайна, сябры мае, устанаўляе паміж намі і людзьмі роўнасьць, добрую згоду і братэрства!

Будзіць нікога не давялося, бо голад рана вывеў усіх на сьвежае паветра.

Палонныя павылазілі, як клапы са сваіх шчылін, і разьбягаліся з надзеяй знайсьці хоць што зьесьці па ўсёй вёсцы, нібы тараканы па чыста вымытай падлозе ў кухні.

Да вёскі падыходзіла сажалка. Там яны налавілі жаб; садраўшы з іх скуру і, кідаючы іх у кацялкі з гарачай вадой, пад якімі курыліся агні з сухога трысьця, яны суха заяўлялі:

— Есьці жаб вельмі нават можна. Увесну гэта лічыцца ў нас далікатэсам, які дазваляюць сабе толькі важныя паны, калі ім вельмі ўжо апрыкраюць куры ды гусі.

Іншыя, у якіх жываты і нэрвы больш слабыя і якія не хацелі прымушаць расійскіх буслаў пакутаваць ад недаяданьня з прычыны недахопу жаб, гатавалі ў сваіх кацялкох лісьцё маліны і зялёныя яблыкі. А адзін мадзьяр паспрабаваў нават зварыць патронную сумку, запэўняючы, што яна са сьвіной скуры і што з яе, такім чынам, можна прыгатаваць халадзец.

Іншыя, якія ўжо ня надта гналіся за гарачым сьнеданьнем, зрабіліся вэгетарыянцамі. Яны елі гнілыя сьлівы, жавалі зялёную цыбулю і часнок, які даставалі з-за паркану, зьбіралі шчаўе, расьціралі паміж кален лебяду. Адзін настаўнік заявіў, што крапіва мае асаблівую сытнасьць, а нейкі вольнапісаны дадаў:

— Так, крапіва вельмі добрая рэч, асабліва да цяляціны. Але толькі яе трэба дробна, дробна пасячы. Мая маці заўсёды так рабіла. Эх, сябры, адно ўспомніць, як яна падавала ў нядзелю гэтую страву, ды з маладой бульбай…